У Мінску рыхтуюць праграму летняга турыстычнага сезона ля ратушы

19 февраля 2016

Фестываль вулічных тэатраў, джазавыя вечары і гістарычная рэканструкцыя. У сталіцы рыхтуюць праграму летняга турыстычнага сезона ля ратушы. Традыцыйна з мая па верасень Верхні горад ператвараецца ў адкрытую пляцоўку для артыстаў. Для зручнасці гледачоў сёлета надрукуюць афішу з раскладам і часам выступленняў.

Пакуль жа танцавальныя ансамблі і музычныя гурты адточваюць сваё майстэрства на сцэнах і закрытых пляцоўках. Якія форумы і творчыя імпрэзы ад вулічных артыстаў дапоўняць традыцыйны рэпертуар? Сюжэт Аляксандры Драгун.

Літаральна праз тры месяцы гукі электраскрыпкі рэхам разальюцца па вулачках Верхняга горада. Распачнецца сезон тэатральных пастановак, перформансаў і канцэртаў пад адкрытым небам.

Юлія Багаслаўская, вакалістка рок-гурта: "Лета, музыка і рок-н-рол - гэта заўсёлы вельмі весела. Мы зразумелі, што, напэўна, гэта трэба гораду, каб музыканты дзяліліся творчасцю".

Сёлета даведацца аб раскладзе і часе выступленняў ля ратушы будзе лягчэй. Па горадзе развесяць афішы. У рэпертуары застануцца джазавыя і вечары класічнай музыкі, фестывалі вулічных тэатраў. Сярод прэм'ер - форум дзіцячых духавых аркестраў і творчыя сустрэчы са славутымі беларусамі.

Алена Пліс, дырэктар інфармацыйна-турыстычнага цэнтра «Мінск»: "Апошнім часам вельмі прывабным для турыстаў становіцца Верхні горад. Вялікі рэсурс кінуты на тое, каб гэтую турыстычную зону культурна развіваць. Адкрытыя сувенірныя крамы. Турысты могуць прыйсці на нейкае мерапрыемства і купіць сувеніры з краявідамі Мінска, беларускай сімволікай".

Таму маршрут па гэтым раёне гістарычнага цэнтра Мінска сталічныя турфірмы ўключаюць у свае праграмы. Ёсць у Верхнім горадзе экскурсіі навобмацак і слых.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўжо даступныя некалькі знакавых турыстычных аб'ектаў сталіцы. Створаны тактыльны макет ратушы і аўдыятактыльны канцэртнай залы "Верхні горад".

Людміла Скрадаль, экскурсавод: "Сёлета запускаецца экскурсія па плошчы Незалежнасці. Створана цэлая карта - аўдыятактыльная, дзе можна азнаёміцца не толькі з будынкамі, але і зялёнымі насаджэннямі, паркамі і ўслонамі".

У Мінску прапануюць як аглядныя экскурсіі, так і вузкафарматныя - напрыклад, па храмах сталіцы, тэатрах або спартыўных пляцоўках.

Больш за 80% турыстаў арганізуюць свой адпачынак самастойна. Для такіх вандроўнікаў адкрыты інфармацыйны цэнтр. Тут гасцям дапамогуць падабраць экскурсію па горадзе, музеі або тэатры. А таксама раскажуць, як дабрацца да галоўных славутасцяў ці гатэля. Дарэчы, уся неабходная інфармацыя ёсць і ў буклетах.

Відэаэкскурсія па Мінску за 9 хвілін… Міні-фільм аб турыстычнай прывабнасці знялі ў сталіцы. Галоўны беларускі горад паказаны вачамі розных турыстаў - бізнесмена, закаханых і бацькоў з маленькай дачкой.

Максім Табараў, прадзюсер: "Фрагмент убачыў - нешта пра Мінск даведаўся. Фільм будзе дэманстравацца на міжнародных выставах, будзе дэманстравацца на прэзентацыях. Літаральна за першыя дні ён набраў больш як 70 тысяч праглядаў".

Дарэчы, летась каля ста тысяч гасцей скарысталіся паслугамі сталічных турфірмаў. Мінск становіцца прывабным для жыхароў іншых кантынентаў. Знаёміцца з нашай культурай, гісторыяй і традыцыямі прыязджаюць турысты з Чылі, Фітжы, Алжыра, Парагвая.

Мікалай Чырскі, экскурсавод: "Гуляем па Траецкім прадмесці, дзе паказваем наш горад канца ХІХ стагоддзя. Завітаем у парк Янкі Купалы, дзе знаёмімся з творамі класіка. Гэта плошча Перамогі і едзем да парка валуноў".

Дарэчы, парк-музей валуноў адзіны ў Еўропе. Больш за 2 тысячы камянёў з усёй краіны навукоўцы прывезлі ў Мінск, каб выкласці тут карту Беларусі. Сярод маўклівых волатаў праводзяць экскурсіі і расказваюць замежным гасцям каменныя легенды.