У Мінску экспануецца прыватная калекцыя Ігара Сурмачэўскага

23 января 2017

Прадметы гардэроба і аксесуары XIX-XX стагоддзяў размясціліся ў доме Ваньковічаў у аўтэнтычных інтэр'ерах сваіх часоў. Гэта шостая выстава збіральніка, аднак шматлікія экспанаты выстаўляюцца ўпершыню. Аб раскошы мінулай эпохі ў тканіне, каштоўных металах і камянях - Вольга Мядзведзь.

Натуральны шоўк эпохі рамантызму. Два стагоддзі таму гэтую сукенку ўпершыню вывела ў свет яе ўладальніца. Шаснаццацігадовая парыжанка адправілася ў ёй на першы баль. Тады сукенкі праменадныя, бальныя і нават для прыёму ранішняй гарбаты ствараліся па спецзаказе ў адзіным экзэмпляры. Тканіны такога строю баяцца сучасных прасаў, таму падчас рэстаўрацыі патрабуюць асаблівай далікатнасці.

Неад'емнай часткай вобраза свецкай модніцы дзевятнаццатага стагоддзя быў портбукет. Гэты выключна дамскі прадмет прызначаны для кветак, якія фіксаваліся пры дапамозе іголкі. Каб шляхцянкі не гублялі такі аксесуар падчас танцаў, портбукет чаплялі на мезенец. Акрамя жаночага салона, у доме Ваньковічаў на час размясціўся кабінет джэнтльмена. Цыліндр, кій, шлейкі з арыгінальнай вышыўкай. Не забыліся і пра забавы кавалераў - упершыню дэманструецца рарытэтнае даміно.

Толькі ў “Метраполітан музеі” і ў прыватным зборы беларускага калекцыянера ёсць вось такі ўнікальны кашміровы экспанат. Шаль тры метры на метр шэсцьдзесят упершыню паказаны гледачам. У ХІХ стагоддзі такую хустку модніцы накідвалі на лёгкія сукенкі. З тых часоў захавалася і вышыўка ручной работы.

Першай у моду такія накідкі ўвяла жонка Напалеона. Гэты шаль калекцыянер набыў у Жэневе. Увогуле каштоўнасці экстра-класа сабраныя па ўсім свеце: Расія, Англія, Чэхія, Францыя і Амерыка. Крыналіны і турнюры на цэлы год вернуць эпоху рамантызму ў дом Ваньковічаў.