У Мінск дастаўлены арыгінал Статуту Вялікага Княства Літоўскага

31 августа 2017

Напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці і да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў сталіцы ўнікальны падарунак. З Магілёва ў Мінск быў дастаўлены артэфаккт, які не мае ў нашай краіне аналагаў - арыгінал Статуту ВКЛ. Гэта збор законаў, па якім жыла Вялікае Княства Літоўскае. Рарытэт вывучылі нашы карэспандэнты.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Першы Статут ад 1529 года з грамадзянскімі і крымінальнымі нормамі, другі ад 1566 года з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі адзнакамі. Але ўсё гэта было толькі рэпетыцыяй.

Трэці том - найбольш вядомы, поўны, папулярны і ўдасканалены, выйшаў у 1588 годзе. Ім Вялікалітоўская дзяржава карысталася да самага завяршэння свайго існавання. Менавіта гэты том у маіх руках, ім валодае Беларусь.

Пяць гадоў таму гэтую кнігу набылі на адным з міжнародных аўкцыёнаў - выкупілі з дапамогай мецэнатаў. Статут захоўваецца ў Магілёве. Невыпадкова: дакумент распрацоўваў і спансіраваў канцлер ВКЛ і магілёўскі стараста Леў Сапега. І друкавалася выданне хаця і ў Вільні, але на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. За стагоддзі рарытэт не страціў запатрабаванасці.

Гэтая і яшчэ пяць асабліва каштоўных адзінак з магілёўскай калекцыі сёння ў Мінску, яны складуць экспазіцыю "Нацыя кніг".

"Вялікае мастацтва артылерыі" на нямецкай мове - том таксама ў экспазіцыі. Распрацоўкі палкоўніка артылерыі ВКЛ Семяновіча сталі пачаткам касмічнай эры і ракетабудавання. Магіляўчане прывезлі ў Мінск таксама работы Магілёўскай брацкай друкарні. Вось ён, "Часоўнік". 1 верасня старадрукі сустрэнуць наведвальнікаў на музейных вітрынах.