У Лепельскім раёне зноў жанілі Цярэшку

16 января 2018

Папулярны ў мінулым у шматлікіх рэгіёнах Беларусі старажытны абрад захавалі жыхары вёскі Старое Лядна. Тут жартоўнае вяселле стала сапраўдным сімвалам. Жаніць Цярэшку прыязджаюць нават з-за мяжы.

У аграсядзібе шмат гасцей. Прыехалі з розных куткоў Беларусі. Раней самабытны абрад быў папулярным у многіх рэгіёнах краіны. Жыхары Лепельскага раёна жэняць Цярэшку кожны студзень.

У карагодзе дзясяткі пар. Па традыцыі вядуць абрад маці і бацька. Дзеянне - не тэатралізацыя. Усё адбываецца, як і шмат гадоў таму.

Да "жаніцьбы" нашы продкі рыхтаваліся загадзя. Вясёлае дзеянне ладзілі звычайна позна вечарам у вялікай хаце. Ахвотнікаў жаніць Цярэшку заўсёды было шмат. Удзельнічалі і жанатыя, і халастыя. У вёсках казалі: жартоўнае вяселле - не што іншае, як рэпетыцыя сапраўднага. Многія пары знаёміліся менавіта падчас вясёлай гульні.

За добры настрой адказвае гарманіст. Абрад суправаджаюць песнямі і танцамі. Удзельнікі гуляюць у фанты, пацалунак, ручаёк. Для тых, хто ні разу не танцаваў падэспань і кракавяк, прадугледжаны майстар-клас ад больш сталага пакалення. Жыхары вёскі Старое Лядна Лепельскага раёна ўзгадваюць: па такім жа сцэнарыі Цярэшку жанілі і ў іх маладосці.

Вольга Маханенка старажытны абрад ведае дасканала. Кажа, што ажаніць Цярэшку можна ў любым рэгіёне. Але ў жывой традыцыі жартоўнае вяселле захоўваюць толькі на Лепельшчыне. Старажытны абрад прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Жаніцьба Цярэшкі - не проста жартоўная гульня. Старажытны абрад - сапраўдны сімвал Лепельскага рэгіёна. Жаніць Цярэшку сюды прыязджаюць нават замежныя госці, якіх, дарэчы, чакаюць не толькі культурныя, але і гастранамічныя адкрыцці.