У Крэве знойдзеныя астаткі пасялення 11 стагоддзі

25 августа 2014

У Гродзенскай вобласці археолагі адкапалі калекцыю старажытных упрыгажэнняў, посуду і рыбалоўных прылад. Знаходкі гавораць, што задоўга да Вялікага Княства Літоўскага тут было прагрэсіўнае пасяленне. Як з дапамогай вады археолагі прымушаюць артэфакты ўсплываць на паверхню - убачыла Юлія Чаргінец.


Месца ўпадзення рэчкі Шляхцянкі ў Кравянку - лакацыя сярэдневяковога і сучаснага цэнтра Крэва. Каб перакрэсліць планы ворагаў на лёгкі захоп, замак узвялі на балоце. Разбураны не ад крыжаносцаў і мангола-татараў - ужо у 20-ым стагоддзі у яго трапіла паўтара мільёна снарадаў.


Вежа была вязніцай для брата Альгерда - Кейстута. Тут жа зроблены крок да канфедэрацыі Польшчы і ВКЛ - створана унія. Замак падымаюць з руін. Папярэдне ж археолагі абследавалі славутасць. Сярод сенсацыйных знаходак - фрэскі, на якіх бачны выявы вачэй. Таксама кельня часу узвядзення замка. Такіх інструментаў на ўсю Беларусь знайшлі толькі у Крэве ды ў Полацку.


Месца гістарычных перамоў і палітычных інтрыг - Крэўскі замак. Тут жа, у гарадзішчы, распачыналася старажытная Літва. З 11-га стагоддзя гэтыя пяціметровыя валы абаранялі людзей, а ў Першую сусветную вайну сталі стратэгічнымі аб'ектамі.


Археолагі два тыдні дакопваліся слой за слоем да 11-га стагоддзя. Пошукі сярэдневяковага паселішча паказалі - Крэва з самага пачатку прэтэндавала на статус горада. Сярэдневяковыя трэнды - шкляныя бранзалеты з Кіева, імпартныя келіхі з арабскай вяззю. Знойдзена матрыца ад караляў - узор, які станавіўся асновай для масавай вытворчасці.


Не толькі модныя аксесуары - адкапалі блешню, прыстасаванне для дзвярэй - хаця бытавыя рэчы, але нават яны арнаментаваныя.


Артэфакты праявілі для большай бачнасці вадой. Сакральны камень на ўваходзе ў гарадзішча быў культавым у язычніцкай веры, з прыходам хрысціянства не знішчаны - адаптаваны. Археолагі гэты палявы сезон заканчваюць, знаходкі чакаюць даследаванні. Пошукі старажытнага Крэва працягнуць - у планах стварыць з мясцовых славутасцей гісторыка-археалагічны запаведнік.