У галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава педагогаў каледжа імя Глебава

21 октября 2017

Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава – альма-матар беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва – да свайго 70-годдзя прымеркаваў выставу ў сталічнай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыю пад назвай “Структура майстэрства” ўвайшлі работы педагогаў вучылішча.

Наталля Бардзілоўская больш падрабязна.

Жывапіс, графіка, скульптура выкладчыкаў розных пакаленняў. Урок для моладзі. Сённяшнія навучэнцы бачаць сваіх старэйшын не ў педагагічнай, а ў аўтарскай, выканальніцкай іпастасі. Залы галерэі падзялілі храналагічна: ад заснавальнікаў да сучасных выхавальнікаў.

Хаім Ліўшыц, Яўген Красоўскі, Уладзімір Волкаў і Павел Масленнікаў – самыя першыя (ад 1947 года) выкладчыкі Глебаўскага вучылішча. Вось іх работы: на выставе размешчаны ў спецыяльнай (можна так сказаць vip) зоне. Нацюрморт, партрэт, пейзаж – узоры класічнага жывапісу для сённяшняй моладзі. Карціны з прыватных калекцый.

Многія работы з залатога фонду беларускага мастацтва. Запазычаны са сховішчаў нацыянальных музеяў краіны. Тут жа цэлыя сямейныя дынастыі.

Вялікая колькасць сучасных мэтраў мастацтва на квадратны метр. На выставу прыйшлі, каб выказаць павагу альма-матар і ўзгадаць першыя крокі і сваіх настаўнікаў.

Сёння педагагічную пераемнасць у Глебаўцы падтрымліваюць каля 40 выкладчыкаў.