У галерэі Белтэлерадыёкампаніі адкрылася тэматычная выстава

24 февраля 2015

70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца. У галерэі Белтэлерадыёкампаніі адкрылася тэматычная выстава, аўтары якой - майстры студыі ваенных мастакоў Беларусі. Невялікая плошчай і колькасцю работ, выстава стала толькі пачаткам вялікага тура па гарадах Беларусі. Падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.

Мужнасць і вытрымка жанчыны, калі ў гады ваеннага ліхалецця маці, жонка і сястра была ўвасабленнем зямной сілы і апірышчам і для мужчын, і для дзяцей. Шчыры твар ветэрана і “іканастас” яго баявых узнагарод - у сённяшні дзень воін Вялікай Айчыннай углядаецца пранікнёна і строга. І, дарэчы, сённяшнія заваёўнікі, але мірных нябесных прастораў - нашыя суайчыннікі-касманаўты Клімук і Кавалёнак. Гэтай невялікай выставай аўтар - кіраўнік студыі ваенных мастакоў Мікалай Апіёк - жывапісаў пераемнасць героікі мінулых часоў і дня сённяшняга.

Ладзіць выставы да Дня абаронцаў Айчыны, да Дня Перамогі і свята вызвалення Беларусі ў галерэі найбуйнейшага медыахолдынга краіны – даўняя традыцыя. Але гэтым вернісажам аб’яднанне мастакоў дае старт вялікай творчай акцыі.

З гэтай экспазіцыі студыя ваенных мастакоў і творчае аб’яднанне “Традыцыя” распачынаюць свой тур па Беларусі. Па малых гарадах краіны 25 мастакоў правязуць як вядомыя, так і новыя свае карціны. Усе палотны прысвячаюцца подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і сучаснай беларускай арміі.

Апошнія штрыхі да новай работы. Сябар студыі ваенных мастакоў Уладзімір Уродніч завяршае палатно - прысвячэнне гераічнаму Жлобіну, які на пачатку Вялікай Айчыннай вайны у фашысцкай аблозе больш за месяц стрымліваў рух ворага на ўсход. Карціна пакуль без назвы. Яна – вынік леташняга падарожжа жывапісца ў гістарычныя мясціны, дзе мальберт Уродніча стаяў на тым самым беразе Дняпра, дзе ў 1941 ішлі жорсткія баі.

Напярэдадні выстава “гераічнага” творчага тура адкрылася ва Уздзе. Будуць пляцоўкі Пінска і Полацка. Да Дня незалежнасці Беларусі перасовачная выстава студыі ваенных мастакоў аб’едзе амаль усе вобласці і завяршыцца буйным паказам у галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску.