У вёсцы Вялікі Поўсвіж моладзь правяла калядную гульню "Жаніцьба Цярэшкі"

15 января 2020
У гэтай старажытнай забаве  ўдзельнічаюць уначы на каляды. Яе мэтай было бліжэй пазнаёміць нежанатых хлопцаў і дзяўчат, каб яны прымерылі на сябе ролю жаніхоў і нявест. Часта гаварылі, што жартоўнае вяселле - рэпетыцыя сапраўднага, а Цярэшка – гэта  як старадаўні апякун закаханых. "Жаніцьба" суправаджаецца народнымі песнямі, прымаўкамі, абавязкова танцамі: у Поўсвіжы танцавалі кракавяк, падэспань, польку. Самая вясёлая частка свята - гэта гульні, калі маладым людзям трэба прадэманстраваць сваю ўдаласць. 

Абрадавая гульня "Жаніцьба Цярэшкі" - гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. Перш калядная гульня была распаўсюджана ў шматлікіх рэгіёнах Беларусі. Але ў поўнай меры захавалася і практыкуецца на Лепельшчыне. Паглядзець на відовішчнае дзейства прыязджаюць шматлікія госці, у тым ліку і замежныя турысты.