У Вялікім тэатры Беларусі адкрылася ўнікальная экспазіцыя

16 мая 2016

Яе тэма - 150-годдзе з дня нараджэння выбітнага сцэнографа і мастака, выхадца з Беларусі Льва Бакста. Выстава праходзіць у рамках памятных дат ЮНЕСКА. Работы, прысвечаныя творчай дзейнасці майстра, а менавіта стварэнню касцюмаў да "Рускіх сезонаў" Дзягілева, напрамую з Францыі, дзе ствараў маэстра, прывезла мастачка Алена Вантрыён-Макарэвіч. Падрабязнасці ў Дар'і Тарасавай.

Для беларускіх гледачоў Алена прывезла 11 работ, выкананых у алейнай тэхніцы. Усе яны прысвечаны балету, а менавіта знакамітым "Рускім сезонам" у Парыжы, гастрольным перформансам рускіх оперных і балетных труп, арганізаваным знакамітым антрэпрэнёрам Сяргеем Дзягілевым. Касцюмерам выдатных пастановак выступіў на французскі манер Леон Бакст або Леў, так у Беларусі звалі мастака-сцэнографа. Сярод карцін палатно "Ганна і Джэк", на якім адлюстравана Ганна Паўлава, адна з найвялікшых балерын XX стагоддзя, найболей вядомая як выканаўца харэаграфічнай мініяцюры "Паміраючы лебедзь".

Да гэтага серыя карцін аб балетным мастацтве ўжо выстаўлялася ў французскай галерэі Vert Galant і ў галерэі Артманты на востраве Сан-Луі. А вось сама Алена, ураджэнка Беларусі, зараз, як і знакаміты папярэднік Бакст, пражывае ў Францыі, а таксама з'яўляецца суарганізатарам выстаў беларускіх мастакоў у рамках "Восеньскага салона" на Елісейскіх палях у Парыжы .

Танец ва ўборы ад Бакста можна і сёння ўбачыць у Вялікім тэатры Беларусі. У рэпертуары адразу дзве жамчужыны Дзягілеўскіх "Рускіх сезонаў". Аўтар сцэнаграфіі да балетных спектакляў "Тамар" і "Шэхерэзада" - сам Леў Бакст.

Менавіта ў галіне тэатральных дэкарацый Бакст зрабіў сапраўдны фурор. Імя сцэнографа таксама часта згадвалася на афішах, як імёны балетмайстраў і акцёраў. Яго знакамітыя касцюмы да балета "Тамар", "Жар-птушка" і "Шэхерэзада" пакарылі Парыж і сталі пачаткам сусветнай славы мастака.

Трыумф пастановак шмат у чым стаў магчымым дзякуючы гэтым уборам з рытмічным паўторам колеравых узораў. Толькі прынты Бакста здольныя зрабіць рухі акцёра больш выразнымі і надаць дынаміку танцу.