Адбылася жараб'ёўка выступленняў фіналістаў нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2016"

9 декабря 2015

Сёлета за права прадстаўляць Беларусь на песенным конкурсе ў Швецыі змагаюцца 10 прэтэндэнтаў - як сольныя выканаўцы, так і калектывы. У найбліжэйшыя дні ўсе яны прымуць удзел у здымках візітовак.

Па рэжысуры прэзентацыйныя відэаролікі будуць максімальна набліжаны да фармату Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне". Яны будуць трансліравацца ў эфіры нашага тэлеканала як напярэдадні фіналу, так і падчас самога гала-канцэрта.

Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі ўдзельнікам была аб'яўлена дата фінальнага шоу. Выніковы гала-канцэрт адбудзецца 22 студзеня ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і спадарожнікавага "Беларусь 24". Упершыню пераможца нацыянальнага адбору вызначаць выключна гледачы пасродкам смс і тэлефонных званкоў.