У Белдзяржфілармоніі ўрачыста адкрыўся фестываль нацыянальных культур

14 сентября 2013
Беларусь ізноў пацвярджае свой статус адной з самых шматнацыянальных краін Еўропы. Сёлета форум адзначае юбілейную дату. Вось ужо 10 гадоў свята збліжае і аб'ядноўвае ўсе нацыянальныя меншасці, якія пражываюць у Беларусі.

Нацыянальным каларытам прасяклася Ніна Мажэйка.

Кожныя два гады фестываль нацыянальных культур збірае сваіх самых яркіх прадстаўнікоў. Танцы, жывапіс, народныя рамёствы. З дзясятак намінацый - для сотні нацыянальнасцяў. Па традыцыі форум стартуе ў Мінску.

Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: Мы вырашылі распачаць дзясяты, юбілейны, фестываль тут, у Мінску. Таму што тут атрымалася так, што спалучыліся некалькі значных мерапрыемстваў. Сёння зранку я праводзіў кансультатыўны савет беларусаў замежжа і пасля гэтага савету мы ўсе паехалі сюды, і ўжо ў якасці гасцей, у якасці гледачоў прысутнічаем тут на адкрыцці фестывалю.


Адкрылі фестываль лаўрэаты папярэдніх гадоў. Прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў - 16% ад усяго насельніцтва сёння пражываюць у Беларусі. Так склалася гістарычна. Дзявоцкі ансамбль Бахар, што ў перакладзе з туркменскай вясна ўпершыню выступае на сцэне форуму. Вучобу ва ўніверсітэце сумяшчаюць з заняткамі народнымі танцамі. Вывучаюць традыцыі. Касцюмы, прызнаюцца, шылі ўручную.

Язбібі Аразінязава, студэнтка ІМДЛУ: Вось гэты матэрыял завецца кітані - гэта ручная праца. У нас жанчыны ткуць самі дома.

Упершыню форум заявіў аб сабе ў 96-ым годзе. Тады ён сабраў усяго 11 нацыянальнасцяў. Сёння гэты лік вырас як мінімум у чатыры разы.

Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі: У яго вельмі вялікая будучыня, бо і на постсавецкай прасторы, і за мяжой ёсць такія фестывалі. Але па маштабе, па працягласці, па аб'ёме, па колькасці ўдзельнікаў такіх пакуль няма.

Канцэрт у філармоніі дапоўнілі відэасуправаджэннем - своеасаблівай дакументальнай хронікай папярэдніх фестываляў. Усіх сюрпрызаў арганізатары пажадалі не раскрываць, і галоўную інтрыгу ўтаілі за сцэнай. Торт для ўсіх удзельнікаў форуму стаў разыначкай юбілею.

Дарэчы, тайная сталіца фествалю, Гродна, выбрана невыпадкова. Толькі палову насельніцтва горада складаюць беларусы. Астатнія - прадстаўнікі сотні іншых нацыянальнасцяў.


Пакінуўшы залу філармоніі, парад нацыянальных культур закрочыць па сталічных пляцоўках. Эстафету падхопяць і іншыя гарады краіны. Завершыцца этнафорум ужо ў родным для сябе Гродне.