Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае юбілей

15 февраля 2016

35 гадоў тут шануюць і зберагаюць для новых пакаленняў культурную спадчыну раёна. Сёлета Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае юбілей. Выставы экспанатаў прыватных фондаў, мастацкія пленэры, экскурсіі і творчыя вечары. Святочны год у музеі абяцае быць насычаным. Дарэчы, на гэтым тыдні адкрыецца выстава падводнага свету акіянаў. Некалькі соцень перламутравых ракавін, рознакаляровыя каралы і жыхары паўночных мораў. Ёсць залы, прысвечаныя ўздзенскай зямлі, - гісторыі, флоры і фаўне, а таксама таленавітым выхадцам. Напрыклад, да 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы дапоўнілі экспазіцыю асабістымі рэчамі пісьменніка. Аляксандра Драгун таксама трапіла на экскурсію.

Калісьці Лолій Македонскі хадзіў у мора з кітабоямі і рыбакамі. Бывала, праводзіў на судне паўгода. Аб такім лёсе марыў малады фотакарэспандэнт, бо ўсё жыццё яго вабілі таямнічыя глыбіні і прыгажосць падводнага свету. Здымкі водных вандровак перадаваў з борта ў рэдакцыю інфармацыйнага агенцтва.

Ад перламутравых ракавін да рэшткаў падводных драпежнікаў. Калекцыю, якая важыць 20 тон, Лолій назбіраў за 20 гадоў працы на Далёкім Усходзе. Цяпер ён не апускаецца на марское дно, але працягвае вандраваць па падводным свеце падчас экскурсій ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей па плошчы адзін з самых вялікіх у цэнтральным рэгіёне. Гэта 6 экспазіцыйных залаў, сялянская сядзіба XIX стагоддзя з хатай ганчара, свірнам і калодзежам. Сярод экспанатаў гліняныя цацкі продкаў, ляпны посуд, шкляныя ўпрыгажэнні - рэчы з паселішчаў і гарадзішчаў.

Асобны пакой прысвечаны жыццю і творчасці знакамітых выхадцаў уздзенскай зямлі. Колбы і рарытэтныя здымкі навукоўцаў-хімікаў, залатыя медалІ і кубкі выдатных спартсменаў. Сёлета да 120-годдзя Кандрата Крапівы экспазіцыю дапоўнілі асабістыя рэчы пісьменніка.

Сцены гэтай выставачнай залы ўпрыгожваюць пейзажы Уздзенскага раёна, сядзібы, вежы. Гэтыя карціны намалявалі мастакі падчас пленэра. На працягу 5 гадоў у музеі ладзяць творчыя сустрэчы. Прафесійныя мастакі перадаюць вопыт пачаткоўцам.

Сёлета ўздзенскімі краявідамі і архітэктурнымі помнікамі будуць натхняцца не толькі беларускія мастакі. На пленэры чакаюць гасцей з-за мяжы. Такія творчыя сустрэчы традыцыйна праходзяць летам. А сустрэчы з народнымі ўмельцамі, майстар-класы ад жывапісцаў і літаратурныя вечары - на працягу года.

Да 35-годдзя музея сёлета наведвальнікаў чакаюць новыя выставы. Напрыклад, калекцыя баявых ўзнагарод ветэранаў, рарытэтных нямецкіх шпаг і корцікаў. А таксама святы і тэматычныя фестывалі.