Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначае 40 гадоў з дня заснавання і 35 з дня адкрыцця

3 марта 2021
Двайны юбілей адзначае Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. 40 гадоў з дня заснавання і 35 з дня адкрыцця. У шасці залах  сабрана больш за 13 тысяч экспанатаў, якія распавядаюць пра гісторыю раёна і яго сённяшні дзень. Самае цікавае з музейных фондаў пабачыла і ўмясціла ў рэпартаж Наталля Бардзілоўская.

Натуральныя каралы, ракавінка трыдакна, кітовы вус, зуб дагістарычнай акулы мегаладон і гарнітур з перламутру геліётыс. Геаграфічна Узда  далёка ад мораў і акіянаў, але можа пахваліцца зайздроснай калекцыяй экзотыкі падводнага свету. Адна з самых сучасных і любімых наведвальнікамі экспазіцый тут называецца "Марское дно альбо ў пошуках патанулых скарбаў". Гэта месца пастаянных экскурсій, квэстаў, майстар-класаў. Папулярнае і ў дарослых, і ў дзяцей. Багаты збор тутэйшы музей атрымаў ад мясцовага жыхара.

З багаццем мясцовай даўніны ва Уздзенскім краязнаўчым знаёміць асобны музейны аб'ект. Каларытны падворак  сёння запатрабаваны маладымі (тут ладзяць вяселлі) і аматарамі народных свят (менавіта ў гэтых, блізкіх да аўтэнтыкі дэкарацыях праводзяць многія абрады каляндарнага кола).

Гонар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея - сядзіба XIX стагоддзя, імітацыя старадаўняга сялянскага жылля з хатай з брусу, адпаведным начыннем - прадметамі побыту старажытных сялян. Увогуле Узда вядзе сваю гісторыю ад XV стагоддзя. Гэта было мястэчка, якое належыла шляхецкаму роду Корсакаў.

Ад Вялікага княства Літоўскага праз часы тутэйшага ўладарання Завішаў, якія збудавалі Крыжаўздвіжанскі касцёл. Праз эпоху прысутнасці Расійскай імперыі з заснаваннем друкарні і народнага вучылішча да  трагічна-гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны. Увесь летапіс Уздзенскага раёна - у матэрыялах і экспанатах, якіх больш за 13 тысяч.  І ў вобразах карціннай галерэі. Палотны ўздзенскіх аўтараў. Многія карціны - вынік пленэру. Вобразы  пазнавальныя для мясцовых жыхароў: партрэт пацярпеўшага за веру святара Міхаіла Навіцкага і сучасніка Шагала  Яўгена Зака. Сядзіба "Наднёман", дзе зараз ідзе рэстаўрацыя,  у мастацкай фантазіі Антона Бяляўскага.

Самы вядомы збор музея - у кутку Кандрата Крапівы. Зямляк. Ураджэнец вёскі Нізок Уздзенскага раёна. Вось на гэтай машынцы друкаваў, а ў гэтую чарніліцу макаў пісьменніцкае пяро.

Экспанатура гісторыка-краязнаўчага - гэта матэрыялы аб 10 акадэміках, 30 дактарах навук, 22 пісьменніках і 12 мастаках. Уздзенскі музей - цэнтр культуры рэгіёна і навуковай працы для даследчыкаў.