Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч

29 января 2017

Рыхтуючы ўвесь тыдзень гэтую праграму, мы і не падазравалі, што самай сумнай навінай у нашым выпуску стане гэтая. Напярэдадні не стала Аляксандра Ціхановіча.

Беларусь смуткуе аб страце легенды савецкай эстрады, патрыярха айчыннай сцэны. Ціхановіч памёр у ноч з пятніцы на суботу. Аб гэтым у сацыяльных сетках паведаміла яго дачка Анастасія. Яму было ўсяго 64. Адным з першых свае спачуванні накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Народны артыст Беларусі свае першыя канцэрты даваў у складзе духавога аркестра Сувораўскага вучылішча. Сапраўдным поспехам стала запрашэнне ў ВІА "Верасы". У ансамблі Аляксандр Ціхановіч адкрыў у сабе талент вакаліста, набыў усесаюзную славу і сустрэў каханне. Ядзвіга Паплаўская стала не толькі напарнікам у творчасці, але і жонкай. Іх не ўспрымалі па асобнасці - разам па жыцці і на сцэне.

Удваіх яны вырашыліся рабіць сольную кар'еру і стварыць прадзюсарскі цэнтр. Пад іх крылом пачыналі вядомыя сёння Аляхно, Герман, IOWA. Без народнага артыста не абыходзіўся ніводны конкурс маладых выканаўцаў у рэспубліцы. І менавіта ён разам з Белтэлерадыёкампаніяй рыхтаваў першых прадстаўнікоў нашай краіны на "Еўрабачанні" - Агурбаш, Аляхно, Калдуна.

Чалавек-свята, пазбаўлены зорнай хваробы, ён заўсёды абдымаў пры сустрэчы і памятаў імя кожнага журналіста, працаўніка сцэны, адміністратара, з кім хоць раз зводзіў лёс. Развітанне з народным артыстам адбудзецца заўтра ў 11 гадзін у Белдзяржфілармоніі.

"Малінаўка", "Я ў бабулі жыву", "Завіруха"… Тады шлягеры, сёння - суперхіты. Залаты фонд савецкай эстрады.

І нашай сучаснай. Усе гэтыя песні мы любім і спяваем. Спваем, калі нам добра…. І калі нам смутна. Смутна, як зараз.