Унікальныя гітары стварае мінскі майстар Міхаіл Комлеў

11 июля 2016

Музычны інструмент з душой. Унікальныя гітары стварае мінскі майстар Міхаіл Комлеў. За якаснае гучанне і непаўторнасць аўтарскія інструменты цэняць як на радзіме, так і за мяжой: у Расіі, Украіне і Казахстане. Гітары майстра маюць індывідуальны дызайн, а большасць дэталяў вырабляюцца ўручную, таму стварэнне музычнага інструмента займае некалькі месяцаў. У творчай майстэрні пабывалі нашы карэспандэнты.

Электра- і бас-гітары, акустычныя інструменты і нават укулеле.

Гітарны майстар Міхаіл Комлеў з натхненнем працуе над чарговым праектам. Стварэннем музычных інструментаў ён займаецца каля дзесяці гадоў. Кожная гітара мае свой непаўторны характар.

Стварэнне аднаго інструмента займае некалькі месяцаў. Праца карпатлівая і складаная: трэба добра валодаць навыкамі дрэваапрацоўкі і афарбоўкі, разбірацца ў электроніцы. Майстар з ювелірнай дакладнасцю выконвае ўсе этапы.

У невялікай майстэрні - усе неабходныя прылады. Дарэчы, большасць з іх універсальныя, выкарыстоўваюцца ў сталярнай справе.

Свае веды Міхаіл перадае сыну. Мастак па прызванні і прафесіі юнак з задавальненнем дапамагае бацьку ўвасабляць самыя смелыя ідэі. Зараз творчы тандэм працуе над гітарай ў стылі пінстрайпінг.

Назар Комлеў, сын Міхаіла Комлева: "Зараз думаем над канцэпцыяй, як што рабіць у гэтай гітары. Я нават думаю, яе можна састарыць. Тата зрабіў інструмент, а я яго распісаў, гэта таксама ўклад душы. Для чалавека гэта будзе прыемна, калі цалкам інструмент ручной працы. Роспіс ручны, цалкам усё зроблена, індывідуальны гук. Такога ў свеце больш няма".

Дызайн - элемент важны, але ж галоўнае для любога інструмента - гучанне. Міхаіл прызнаецца, перш, чым дакрануцца да струн, заўсёды хвалюецца.

Міхаіл Комлеў, майстар па вырабе гітар: "Любімы момант - гэта першы гук. Калі нацягнуў першую струну, здабываеш першы гук. І ўжо радасць, што ён ёсць. Потым ужо нацягнуў усе струны, адстроіў інструмент. Нават, калі яшчэ не адстроіў, хочацца пайграць, зразумець, які характар інструмента. Таму што, калі яго робіш, усё роўна кот у мяшку. Ты прыкладна ведаеш характарыстыкі драўніны. Але канчатковы прадукт, як ён будзе гучаць, не ведае ніхто".

Работы майстра цэняць музыканты з Беларусі, Расіі і Казахстана за непаўторнасць. Зараз аўтар распрацоўвае сваю, адметную, форму гітары, якая павінна стаць фірменным стылем.