Унікальная знаходка Веткаўскага музея

15 февраля 2020
Супрацоўнікі Веткаўскага музея 30 гадоў захоўвалі пазалочаны латуневы аклад і тры дзесяцігоддзі не страчвалі надзеі знайсці абраз для чаканнага палатна. Нарэшце, у адной з прыватных калекцый рэдкую рэліквію ўдалося апазнаць. Зараз ікону рэанімуюць рэстаўратары, яна значна пашкоджана. Але ўжо зараз спецыялісты кажуць, што часткова біблейскі сюжэт удасца аднавіць. 

Аб унікальнай знаходцы са сталіцы беларускага стараверства раскажа Ганна Кавалёва. У руках Марыны Казленкі адна з апошніх знаходак Веткаўскага музея. Рэстаўратар прызнаецца, што за 12 гадоў стажу праз яе рукі прайшлі дзясяткі старадаўніх ікон, але гэтая  сярод самых складаных. Аблічча святога Мікіты-воіна захавалася толькі на трэць. Астатняе - шрамы часу і цяжкага лёсу.

Дарэчы, аклад ад іконы захоўваўся ў Веткаўскім музеі тры дзесяцігоддзі. Гэта ўзор чаканнага майстэрства XVIII стагоддзя - латунь, пакрытая золатам. У свой час рэліквія была выяўлена музейнымі работнікамі падчас экспедыцыі ў Добрушскім раёне. Адзін з мясцовых жыхароў спрабаваў здаць яе як металалом. На шчасце, ад страшнай долі яе паспелі выратаваць. Аправа трапiла ў музей яшчэ у 1989 годзе. Аднак паступiла яна ў вельмi пашкоджаным стане. Па сутнасцi, гэта быў набор фрагментаў, якiя нiбыта адарвалi з арыгiнала.

Лёс жа іконы, якая была ў акладзе, 30 гадоў заставаўся невядомы. І толькі ў наш час святыню ўдалося выявіць у адной з прыватных калекцый. У момант супастаўлення і прамаляваныя элементы, і памер іконы супалі поўнасцю. Пасля гэтага калекцыянер прыняў рашэнне аддаць музею у дар страчаную святыню. Наперадзе ў рэстаўратараў  мінімум год працы. Столькі зойме працэс аднаўлення.

У планах навуковых супрацоўнікаў музея экспедыцыі па пошуку яшчэ адной іконы -  "Успенне Прасвятой Багародзіцы". Яе аклад таксама захоўваецца ў фондах установы і, мяркуючы па памерах і тэхніцы, яна выканана рукой таго ж майстра для аднаго храма.