Творчыя майстэрні пад адкрытым небам

16 августа 2017

На радзіме знакамітага навукоўца Якава Наркевіча-Ёдкі зараз праходзяць творчыя майстэрні пад адкрытым небам. Ва Уздзенскім раёне адзінаццаць знакамітых жывапісцаў з Беларусі і блізкага замежжа на працягу тыдня ствараюць шэдэўры, натурай для якіх служаць мясцовыя вобразы і краявіды. Па ўмовах пленэру, некалькі карцін папоўняць жывапісную калекцыю мясцовага краязнаўчага музея. Як ідзе творчы працэс? За працай мастакоў паназірала Наталля Кузьміцкая.

Жыццё мастака – няспынныя вандроўкі і пошукі натхнення. Пейзажыст Віктар Данілаў з кожнай творчай экспедыцыі вяртаецца адразу з некалькімі карцінамі. Апошнія гады сваёй дзейнасці прысвяціў адлюстраванню Беларусі гістарычнай. На яго палотнах Мір, Заслаўе, Нясвіж, цяпер і часцінка Узды.

Праз прыроду і духоўнасць. Менавіта такой уяўляе сваю дарогу да храма Пятра і Паўла мастак Данілаў. Свае думкі і пачуцці з дапамогай пэндзля і фарбаў ён старанна пераносіць на палатно. Яшчэ некалькі сеансаў - і карціна будзе завершана.

Сёлета пленэр аб'яднаў адзінаццаць мастакоў - прадстаўнікоў традыцыйнай школы жывапісу. Спачатку майстры здзейснілі падарожжа па ўздзенскіх мясцінах, цяпер штодзень працуюць над сваімі творчымі праектамі.

Сядзібна-паркавы комплекс «Кухцічы» - яшчэ адна старонка ўздзенскай гісторыі. Сёння тут можна ўбачыць толькі бакавыя флігелі маёнтка і некаторыя гаспадарчыя пабудовы, якімі ў розны час валодалі знакамітыя шляхецкія сем’і Беларусі – памяць пра іх імкнуцца захаваць мастакі.

Вынікі пленэру падвядуць напрыканцы тыдня. Вернісажам мастацкіх работ адкрыецца міжнародная навуковая канферэнцыя ў гонар Якава Наркевіча-Ёдкі. Некалькі карцін са сваім уласным светапоглядам на памяць аб гэтай значнай падзеі майстры пакінуць у падарунак Уздзенскаму краязнаўчаму музею.