У Мінску стартуе чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні

23 января 2019

Майстэрства фігурнога катання на "Мінск-Арэне" будуць дэманстраваць лідары старога кантынента. Сёння стартуе чэмпіянат Еўропы. 35 краін і больш за сотню лепшых атлетаў. Для спартсменаў гэта першая сур'ёзная проба лёду пасля Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. Для беларускіх балельшчыкаў гэта магчымасць убачыць лідараў сусветнага фігурнога катання ўжывую. Зусім хутка, у 11 раніцы, пачнецца барацьба за медалі. Тэму працягне Крысціна Камыш. 

111-ы чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Беларусі адкрывае новы алімпійскі цыкл. Таму ў Мінску гледачы ўбачаць шмат будучых зорак гэтага выдатнага віду спорту. Але гэта цалкам не азначае, што прызнаныя чэмпіёны праігнаруюць кантынентальны форум. Больш за сотню знакамітых спартсменаў будуць змагацца за медалі на лёдзе "Мінск-Арэны". 

Сярод іх алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Аліна Загітава з Расіі, шасціразовы пераможца кантынентальнага форуму Хаўер Фернандэс з Іспаніі. 

Таццяна Тарасава, заслужаны трэнер СССР, майстар спорту СССР міжнароднага класа па фігурным катанні, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі: "Я мяркую, што спаборніцтвы - заўсёды насычаная барацьба, тым больш, гэта чэмпіянат Еўропы. Барацьба заўсёды будзе! Барацьбу з самім сабою ніхто не адмяняў. Людзі, якія прыехалі сюды, збіраюцца паказаць усё самае лепшае".

Ажыятаж сярод балельшчыкаў быў на трэніроўках.

Арганізатары чакаюць, што падтрымка падчас чэмпіянату будзе не меншай. 

Адкрыюць кантынентальны форум дзяўчаты. У 11 гадзін раніцы можна будзе ўбачыць кароткую жаночую праграму, а ў шэсць гадзін вечара пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця на лёдзе. 

Адзначым, у шоу будуць задзейнічаныя больш як 50 чалавек. 

Пасля цырымоніі адкрыцця ў барацьбу за медалі ўступяць спартыўныя пары. У 18:45 пачнецца кароткая праграма. Прамыя трансляцыі першага дня кантынентальнага форуму - на тэлеканале "Беларусь 5".