Цырымонія развітання з Аляксеем Баталавым пройдзе 19 чэрвеня ў Маскоўскім Доме кіно

15 июня 2017

Сумная навіна прыйшла сёння з Масквы. На 89-м годзе жыцця памёр Аляксей Баталаў. Спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР выказаў Прэзідэнт Беларусі.

У памяці мільёнаў Баталаў назаўжды застанецца адным з самых папулярных і любімых акцёраў савецкага кіно. "Ляцяць жураўлі", "Справа Румянцава", "Дарагі мой чалавек". Ну і, вядома, фільм, які атрымаў “Оскара”, - "Масква слязам не верыць". Акцёр пайшоў з жыцця ў адной з маскоўскіх бальніц, дзе знаходзіўся апошнія пяць месяцаў пасля пералому шыйкі сцягна. Жонка і дачка Баталава не пакідалі надзеі і да апошняга чакалі вяртання мужа і бацькі з бальніцы.

Аляксей Баталаў - яшчэ і цудоўны педагог - сапраўдны майстар. Да сваёй працы ён заўсёды ставіўся вельмі патрабавальна і быў цвёрда перакананы: акцёр павінен іграць герояў, якія здольныя вучыць і ўдасканальваць грамадства. Цырымонія развітання пройдзе ў панядзелак 19 чэрвеня ў Маскоўскім Доме кіно. Пахаваюць Аляксея Баталава на Праабражэнскіх могілках у Маскве, згодна з яго завяшчаннем.