Трэці праект Vulica Brasil багаты на эксперыменты

13 сентября 2016

Мастакі з Паўднёвай Амерыкі і Беларусі ў цэнтры Мінска ствараюць кампазіцыі стрыт-арта. На сценах будынкаў - фальклорныя героі, анімацыйныя персанажы і графічныя ўзоры. У выніку праекта вуліца Кастрычніцкая ў сталіцы стане галерэяй пад адкрытым небам. Рэпартаж - Юліі Токар.

Гэтыя рэтратрамваі некалькі дзясяткаў гадоў таму курсіравалі па вуліцах Мінска - сёння адзін літаральна на вачах набывае экстраардынарны выгляд. Два браты-мастакі па прызванні і па прафесіі Васіль Грына і Іван Тэйм ператварылі вагон у сапраўдны арт-аб'ект. На звыклай чырвона-жоўтай афарбоўцы паступова праяўляецца сюжэт "пост-графіці".

Сувязь пакаленняў і яднанне з прыродай - асноўная тэма працы. Але ж каб стварыць дэталі кампазіцыі на такім незвычайным палатне, прыйшлося праявіць кемлівасць. Так, вокны трамвая ператварыліся ў бліскучыя крышталі.

Мастацтвам стрыт-арта зараз прасякнута ўся вуліца Кастрычніцкая. Літаральна чатыры дні застаецца да завяршэння праекта Vulica Brasil. Зараз дзесяць мастакоў з Паўднёвай Амерыкі і Беларусі завяршаюць свае гіганцкія пано на сценах мясцовых будынкаў. 3Д-кампазіцыя з жывымі раслінамі, фрэска з керамічнай мазаікі і палатно, якое б'е сусветныя рэкорды.

Гэты мурал Рамона Марцінса. Які напрыканцы зойме плошчу ў тры з паловай кіламетры, ужо прэтэндэнт на Кнігу рэкордаў Гінэса. Цікава, што папярэдні поспех вулічнага мастацтва належыць таксама бразільцу. Эдуард Кобра да Гульняў у Рыа ўпрыгожыў алімпійскі бульвар.

Больш чым урбан-арт…Сёння некаторыя ўдзельнікі фестывалю наведалі маленькіх выхаванцаў Жодзінскага дзіцячага дома-інтэрната. Мастакі Спэта і Базіната далі выхаванцам інтэрактыўны майстар-клас. Спачатку дзецям прапанавалі на ўласных фотаздымках намаляваць свае эмоцыі. А пасля каляровымі маркерамі праз цэлафан яны стваралі аўтапартрэты.

Дзіцячыя творчыя працы таксама дапоўняць эксперыментальную экспазіцыю пад адкрытым небам. 17 верасня, падчас закрыцця фестывалю, вуліца Кастрычніцкая ператворыцца ў суцэльную пляцоўку вулічнага мастацтва з майстар-класамі, музычнымі імпрэзамі і сапраўдным бразільскім карнавалам.