Традыцыі знакамітай Віцебскай школы на выставе "Фармат"

15 июня 2018

У мінскім Палацы мастацтваў праходзіць перасовачная выстава "Фармат". Рэспубліканскі праект - калектыўная праца сучасных мастакоў, якія працягваюць традыцыі знакамітай Віцебскай школы. Сто гадоў таму менавіта горад на Дзвіне быў заканадаўцам арт-моды не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пра мастацкія трэнды Ніна Мажэйка.

Пра яго ўжо даўно не пытаюцца - куды? Шагал. Персона. Уплывовая фігура свайго часу. Менавіта з яго сто гадоў таму пачалося зусім іншае мастацтва. А жывапісным фонам стаў Віцебск. Чысты авангард. На празрыстасць формы праверыў Малевіч, які апынуўся ў горадзе на Дзвіне зусім невыпадкова. Чыстае мастацтва - той самы сімвалізм без умоўнасцей. Стаў прадзедам сучаснай мастацкай школы. А прадаўжальнікі - праўнукі.

Лічыць выставу трыб’ютам або прысвячэннем нельга, бо гэта ўжо зусім іншы мастацкі стыль. Выстава-трансформер, якую трэба ўспрымаць як адзінае палатно, хоць часта аўтары працуюць у антанімічных жанрах.

Мастацкі зрэз за сто гадоў. Але не рэтраспектыўны, наадварот - суперсучасны. Усе працы датуюцца мінулым годам. Зроблены спецыяльна да выставы. Скульптура, жывапіс, графіка, ручное аўтарскае ткацтва. Цёплае. Не толькі з-за пасылу, нават з-за матэрыялаў. Лён, бавоўна, напоўненыя сонцам і гістарычнай памяццю. З татавай шафы. Так бацькава кашуля стала арт-аб'ектам.

Больш за 80 прац - паўтара куба перавозкі. Таму "гастролі" атрымліваюцца камфортнымі. Выставы ўжо былі ў Брэсце і Гомелі. Далей арт-місія накіруецца ў рэгіёны Віцебскай вобласці.