Традыцыі знакамітага іспанскага фарфору - у Вялікім тэатры Беларусі

11 ноября 2013

Толькі гэта Фарфор на пуантах. 20 работ лімітаванай серыі на тэму балета - набытак калекцыі гістарычнага фарфору Музея Lladrо, які захоўвае свае традыцыі больш як 60 гадоў. Аб сакрэтах фарфоравых балерын - у рэпартажы Ларысы Гулякевіч.



Штучная праца. У гэтых статуэтках мноства дробных дэталяў, якія ляпіліся, адліваліся, абпальваліся ў печы і аб'ядналіся ў сапраўдны твор мастацтва. Жывыя вочы, грацыя і рух у выявах… Тэхналогія вырабу фарфоравых мастацкіх вырабаў настолькі складаная і далікатная, што толькі падкрэслівае іх лёгкасць.



Анхелес Льядра, віцэ-прэзідэнт кампаніі Lladrо (Іспанія): Мы вырашылі паказаць гэтую выставу самым прэстыжным тэатрам балета ў свеце. Мінск - гэта трэці горад, куды мы прывезлі нашых балерын. Першая экспазіцыя была ў Вялікім тэатры ў Маскве, другая ў Міхайлаўскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу і вось Вялікі тэатр у Мінску. Мы вельмі ганарымся гэтай акалічнасцю, бо беларуская балетная трупа Вялікага тэатра вядомая сваімі пастаноўкамі ва ўсім свеце. Гэта правільнае месца, дзе ўсе аматары высокага мастацтва годна ацэняць Фарфор на пуантах.



Гісторыя іспанскага дома Lladrо налічвае 60 гадоў. Статуэткі ствараюцца майстрамі ўручную. Фарфор Lladrо выстаўлены ў якасці пастаянных экспанатаў у Эрмітажы, Каралеўскім музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі, у Нацыянальным музеі керамікі ў Валенсіі і шматлікіх іншых гарадах свету. Да працы над калекцыямі прыцягваюцца мастакі, дызайнеры і скульптары з сусветнымі імёнамі - Хайме Аён і Бода Сперлайн. Фігуры выкананыя абмежаванымі тыражамі і існуюць у свеце толькі ў некалькіх экзэмплярах.


Легендарныя героі балета Жар-птушка і Сіні Бог прысвечаны Рускім сезонам Дзягілева ў Парыжы. І зробленыя яны па матывах касцюмаў Леона Бакста, ураджэнца Віцебска. Экспрэсія танца і касцюмы адлюстраваныя ў крохкім прыродным матэрыяле грэс.


Калекцыя з Валенсіі адносіцца да высокага фарфору, які прыцягвае і зачароўвае грацыяй і экспрэсіяй, прыгажосцю і зместам. Артысты балета пазнаюць у гэтых вобразах дзесьці сябе і сваіх партнёраў. Прывабліваюць працы іспанскіх майстроў і мастацтвазнаўцаў, музейных работнікаў і калекцыянераў.