Тэкстыль Вольгі Раднікінай - класіка і эксперымент

2 ноября 2023

Саюзу мастакоў Беларусі - 85! Творчае аб’яднанне рыхтуецца адзначыць юбілей і напярэдадні ўрачыстасцей называе імёны самых адметных сваіх удзельнікаў. Яркі, творчы, непаўторны - так можна сказаць пра кожнага амаль з тысячы прадстаўнікоў саюза. Так, мастаку па тэкстылі Вользе Раднікінай па праве можна аддаць прыз за крэатыўнасць і скурпулёзнасць у працы.

Карэспандэнт АТН Наталля Бардзілоўская сустрэлася з наватарам і пераканалася ў тым, што і тэхнічна, і ідэйна гэты творца спраўляецца з неардынарнымі арт-задачамі.

Майстар-тэкстыльшчык за работай, нават калі з першага позірку можна падумаць пра дзіцячую гульню з прыгожымі пацеркамі. Вольга Раднікіна - дыпламаваны мастак, лаўрэат выстаў і конкурсаў, удзельнік Саюза мастакоў - стварае новую кампазіцыю. Вы чакалі ўбачыць ткацкі станок і ніткі? Не, шэдэўр нараджаецца з металу і шкла. Мастачка парушае ўсе класічныя ўяўленні аб тэкстылі.

Творчы лёс даў мастачцы магчымасць стаць суаўтаркай гістарычнага праекту рэспубліканскага масштабу.

Мы ў Хатыні. Паўгода таму тут адкрылі музей мемарыяльнага комплексу, і сёння ён ледзь спраўляецца з наведвальніцкім ажыятажам. З вуснаў у вусны перадаюцца незабыўныя эмоцыі, якія перажывае ў гэтай прасторы чалавек. І "распакоўка" душы тут ідзе менавіта праз дакладна падабраныя выразныя сродкі: праз кампазіцыю, экспанаты. На самым уваходзе ў экспазіцыйную залу, якая раскажа гісторыю спаленай вёскі і яе "сясцёр", тыя самыя, з металічнай сеткі і празрыстага шкла, ручнікі Вольгі Раднікінай.

Выразны цень, што падае на сцяну, падкрэслівае: тут беларускі народны арнамент, тут - перарваная культурная і побытавая традыцыя жыцця беларускага народа, тут - наш нацыянальны боль вайны. Усе шэсць залаў музея вядуць гэтую драматычную лінію: драўляная калыска, што люляе наш край; цудадзейная ікона Божай Маці як спадзяванне на ахову і выратаванне; каменныя жорны лёсу і спалены калодзеж без вады - счарнелы сімвал страчанага жыцця. Не менш красамоўныя і ручнікі Раднікінай.

Саюз мастакоў Беларусі хутка адзначыць 85-годдзе: падлічыць поспехі, прааналізуе сённяшні дзень, паглядзіць у заўтра. І ва ўсіх гэтых трох вымярэннях - мінулага, цяперашняга і будучыні - месца Раднікінай ёсць, і яркае. Зрэшты, не толькі ў тэкстылі.
А яшчэ Вольга Раднікіна займаецца жывапісам. Больш дакладна будзе сказаць - яна не пераставала гэтага рабіць з моманту навучання ў Акадэміі мастацтваў. "Каб рукі памяталі", - прызнаецца аўтар. Яна малюе беларускую прыроду, знакавыя мясціны нашай гісторыі. Адна з апошніх работ - з пленэру ў Друі.

Хто ведае, можа наступнае эксперыментальнае адкрыццё Вольгі і будзе тычыцца жывапісу?