Сталіцу ахапіла лялькаманія

11 апреля 2015

Міжнародную выставу аўтарскай цацкі ўжо другі раз прымае Палац мастацтва. Майстры з 20-ці краін з'ехаліся ў Мінск, каб асабіста паказаць свае работы. Усе экспанаты выкананыя ўручную, з'яўляюцца творам мастацтва і прадметам калекцыянавання.

Пра недзіцячае захапленне дарослых мастакоў рэпартаж Іны Пілевіч.

На руках з імі ёй саступаюць месца ў транспарце, прапануюць дапамогу на вуліцы, а суседзі прымаюць за шматдзетную маці. Лялечніца Ірына Квяткоўская стварае цацачных немаўлят. Яе вінілавыя лялькі падобныя на дзяцей і тварам і нават па вазе. Гэты жанр атрымаў назву "рэбарн", што ў перакладзе з англійскай мовы абазначае "перароджаны". Неадназначнае захапленне прыйшло ў Беларусь нядаўна. Мастакі спрачаюцца, ці можна лічыць яго мастацтвам.

Лялькі, з якімі не гуляюць, а паказваюць як твор мастацтва. У Мінск на II Міжнародную выставу з'ехаліся 480 майстроў не толькі з Беларусі і блізкага замежжа, але і з такіх краін, як Мексіка, ЗША і нават Японія. На прэзентацыі аўтары імкнуліся знешне адпавядаць сваім работам.

Рэалістычная, фантазійная, партрэтная… Удзельнікаў выставы не абмяжоўвалі ў жанрах. Майстры выкарыстоўваюць розныя тэхнікі разьбярства, роспісу, ліцця, лепкі. Вышэйшым пілатажам лічыцца, калі аўтар самастойна выконвае ўсе дэталі, аж да адзення і аксесуараў.

У адрозненне ад тыражнай, аўтарская лялька валодае сертыфікатам. У такім дакуменце запісваецца імя аўтара, работы, выкарыстаныя матэрыялы. Аўтарства пацвярджаецца подпісам на патыліцы або спіне лялькі.

Кошт такіх лялек у некалькі разоў вышэйшы за звычайныя цацкі. Часам сума вылічваецца тысячамі долараў. У наведвальнікаў выставы ёсць шанц паспрабаваць перакваліфікавацца ў лялечніка. Усе выхадныя ў Палацы мастацтваў праходзяць майстар-класы па стварэнні мядзведзяў, лепцы лялечных твараў і кірмаш дызайнерскіх аксесуараў.