Сталічныя клубы гістарычных рэканструкцый адпраўляюць мінчан у вандроўкі

20 октября 2016

Мінск скрозь стагоддзі – сталічныя клубы гістарычных рэканструкцый паварочваюць час назад і адпраўляюць мінчан у захапляльныя вандроўкі ў эпохі рыцараў, гусараў або вікінгаў.

Некаторыя аматары мінулага практыкуюць сістэму сярэдневяковых трэніровак, існуе нават рыцарскі байцоўскі клуб. У кожнага гістарычнага аб'яднання ёсць і свае гільдыі майстроў – тут пачаткоўцаў-чаляднікаў навучаць рабіць аўтэнтычныя зброю і адзенне. У вандроўку па часе адправіўся і Ян Пашкевіч.

Актыўны адпачынак на прыродзе па модзе напалеонаўскіх часоў. Такія тэатралізаваныя пікнікі-паходы Вячаслаў Шпілеўскі разам з сябрамі па гістарычным клубе ладзіць некалькі разоў на месяц. У вобразе станістых уланаў і афіцэраў пяхоты аматары гісторыі вандруюць скрозь стагоддзі – раскладаюць агонь крэменем і майструюць бівак - паходны ложак - з галінак, лісця і салдацкага шыняля.

Па гулкім металічным звоне зразумела - у сярэдневяковым байцоўскім клубе пачаліся трэніровачныя рыцарскія баталіі. Удары такім робагладыятарам не страшныя – ваяроў пакрывае больш за 30 кілаграмаў сталі. Тут жа знатакі XIV-XV стагоддзяў аднаўляюць быт продкаў і нават іх працоўную атмасферу.

Ёсць у іх і невялікія майстэрні. А ў майстэрні кавалёў-мадэльераў Канстанціна Дударава і Віктара Шаўцова штогод з'яўляюцца новыя калекцыі даспехаў класа «люкс». Праўда, у абмежаванай партыі - каля двух экзэмпляраў. Нават самы просты баявы касцюм рыцара куюць і збіраюць амаль паўгода з некалькі сотняў дэталяў.

Усе старажытныя бронекасцюмы дастаткова пластычныя - маюць дзясяткі рухомых элементаў. Раней вопытныя рыцары маглі ў іх нават плаваць.

Самае ж грандыёзнае падарожжа ў мінулае сталіцы мінчан чакае ў наступным годзе. Буйныя шляхціцы, высакародныя рыцары і суровыя вікінгі – скандынаўскія воіны прыязджалі ў Беларусь па гандлёвым шляху з вараг у грэкі. На 950-годдзе Мінска на вуліцах сталіцы сустрэнуцца тысячы рэканструктараў і амаль 10 стагоддзяў гісторыі.