Стаць сведкай гістарычнай сенсацыі

18 октября 2014

Усяго за 30 тысяч рублёў. Сёння ў Нясвіжы гісторыкі, археолагі і музейныя работнікі арганізавалі археалагічны пікнік. Пакуль турысты забаўляліся ў панадворку замка, спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук даследавалі тэрыторыю ў пошуках магчымых скарбаў. За гістарычным момантам назірала і Алена Борматава.


Рэальная гісторыя з жыцця Радзівілаў стала падставай для старту даследаванняў нясвіжскай зямлі. Яна хавае сямейныя каштоўнасці самага вядомага шляхетнага роду Беларусі. Навуковым супрацоўнікам музея пра схаваны скарб летам расказала ўнучка самага апошняга - сямнаццатага ардыната - уладальніка Нясвижа - Ляона Радзівіла. Быццам, ён перад прыходам Чырвонай арміі закапаў сталовае срэбра і асабістыя каштоўныя ўпрыгажэнні членаў сям'і.


Ляон памёр у 50-ых, а ўнучка ведае сямейную легенду з вуснаў свайго бацькі - князя Ежы Радзівіла. Сама яна ў Нясвіжы не была, таму дакладнае месца скарбу паказаць не можа. Толькі прыкладна - наваколле замка.


Прафесійныя археолагі з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі металашукальнікамі праводзяць даследаванні мясцовасці. Гэта першая тэрыторыя, дзе, магчыма, і былі закапаныя каштоўнасці Радзівілаў. Пакуль навукоўцы яе даследуюць, музейшчыкі для наведвальнікаў ў дворыку замка ладзяць археалагічны пікнік. Уваход - 30 тысяч рублёў. За гэтую суму можна было стаць удзельнікам не толькі анімацыйнай праграмы ў стылі 30-ых гадоў, калі і быў схаваны скарб, але і паназіраць за работай археолагаў.


Гісторыя з 12 апосталамі з каштоўных металаў і камянёў, якіх Радзівілы схавалі больш за 200 гадоў таму - да гэтай пары адна з самых вядомых легенд магнацкага роду. Хто ведае, можа, хутка гісторыя стане рэальнасцю, бо яшчэ гадоў дзесяць таму, спасылаючыся на легенду, гаварылі: яны выйдуць на паверхню пасля рэстаўрацыі замка.


Пошук скарбу вядзецца нетрадыцыйным археалагічным метадам - без раскопак. Праводзяць разведку верхняга слоя. Скарбы звычайна закапвалі не вельмі глыбока. Але і месцаў, дзе Ляон мог схаваць сямейныя рэліквіі ў наваколлях замка - дзясяткі. І кожнае будуць даследаваць археолагі.