"Славянскі базар у Віцебску" ў самым разгары

12 июля 2015

Зорная гадзіна, лялечны квартал, канцэрт майстроў мастацтваў Ізраіля, другі дзень музычнага дзіцячага конкурсу і выканаўцаў эстраднай песні. "Славянскі  базар у Віцебску" ў самым разгары. У паўночнай сталіцы Беларусі штодня праходзяць дзясяткі фестывальных мерапрыемстваў.  Чым яшчэ сёння здзівіць Віцебск - у рэпартажы Марыны Раманоўскай.

 

Гэтага горада няма на карце, але ў дні фестывалю яго наведваюць тысячы. Горад майстроў - упадабанае месца турыстаў. Гукі пілы і кувалды тут чуваць  ужо з самай раніцы. Спецыяльна да "Славянскага базару" майстры ствараюць сапраўдныя шэдэўры.

Майстар Людміла Кавальчук ужо які год здзіўляе турыстаў. Гліняныя сувеніры разбіраюць імгненна. Статуэткі і вазы зробленыя па старажытнай тэхналогіі. Такія ў звычайным магазіне не купіш.

Сустрэць артыстаў на "Славянскім базары" можна не толькі ў горадзе майстроў. Паўночная сталіца падчас фестывалю ператвараецца ў сапраўдны зорны небасхіл. Самыя адданыя прыхільнікі начамі дзяжураць ля амфітэатра, каб  зрабіць на памяць хаця  б адзін здымак. І ўжо калі вельмі пашанцуе - пагутарыць  з зоркай.

Ну а пакуль зоркі фатаграфуюцца з прыхільнікамі і дзеляцца ўражаннямі з журналістамі, маладыя артысты рыхтуюцца да  выступленняў. У канцэртнай зале "Віцебск" выступяць дзеці. Беларускі Стэфанія Сакалова і Элеці выйдуць на сцэну пад  адзінаццатым і другім нумарамі.

Дзмітрый  Малікаў, старшыня журы дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2015": "Дзіця павінна пастанна жыць у музыцы. Гэта, вядома, адразу цяжка разглядзець на сцэне. Важныя натуральнасць, прастата, энергетыка".

Крыху пазней за перамогу, але ўжо на сцэне Летняга амфітэатра пазмагаюцца ўдзельнікі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015".

Ужо сёння вечарам на сцэне Летняга амфітэатра прагучаць фестывальныя хіты. У фінал конкурсу выканаўцаў эстраднай песні прайшлі 15 удзельнікаў. Як і ў першы конкурсны дзень, апошняй на сцэну выйдзе беларуска Валерыя Грыбусава.