"Славянскі базар у Віцебску". Самыя яркія моманты дня

18 июля 2020
Менавіта ў сталіцу музычнага фестывалю - у Віцебск - у гэтыя выхадныя накіраваная ўся ўвага не толькі беларусаў, але і нашых гасцей. "Славянскі базар" - гэта сапраўды свята лета, музыкі і адзінства народаў. А яшчэ асаблівая атмасфера, якая бывае менавіта ў дні фестывалю - на адных вуліцах збіраюцца зоркі і іх прыхільнікі, госці і жыхары горада. Сёння да святочнага марафону падключылася і моладзь. Для іх забаўкі на любы густ. Тэматычныя пляцоўкі будуць працаваць да позняга вечара, так што, яшчэ можна паспець за порцыяй станоўчых эмоцый! Прывітанні і віншаванні сёння фестывальная сталіца прымае і ад сяброў з суседняй краіны. На "Славянскім базары" дзень украінскай культуры. Прывітанне ўдзельнікам канцэрта накіраваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Трансляцыю канцэрта "З Украінай у сэрцы" пакажа наш канал у 22:10. Завяршыўся і дзіцячы музычны конкурс. Два выступленні за адзін дзень. Вось ужо сапраўды праграма насычаная. Самыя яркія моманты гэтага дня сабрала Вольга Маслоўская. 

На "Славянскім базары ў Віцебску" - дзень моладзі 

Калі б гэтага свята не было, яго варта было б прыдумаць. На "Славянскім базары" запальвае моладзь! На сцэне і спартыўных пляцоўках. У танцах, каверах і графіці. 
Быць маладым, значыць - быць модным. А мода зараз на спорт! Моладзевы забег. Другі год запар вулічны рух замірае, каб даць дарогу маладым і актыўным. Пляцоўка каля амфітэатра - таксама для іх. 
Сотні ўдзельнікаў дня моладзі шлюць прывітанне з фестывальнага Віцебска. Праз сацсеткі? Не. У паштоўках. Лімітаванае выданне - карткі з малюнкамі славутасцяў Беларусі. Адправіць можна бясплатна, а вось тым, хто збярэ ўсю калекцыю, прыз! 
У камплекце - 26 фатаграфій, але я выберу з малюнкам роднага Віцебска і яго, бадай, самага вядомага месца - Летняга амфітэатра. А адпраўлю ў Гродна сяброўцы. Лена, чакай. 
Паштоўкі вельмі хутка разыдуцца па краіне. Удзельнікі моладзевага цягніка, які сёння адправіцца з фестывальнай сталіцы ў падарожжа па Беларусі, будуць дарыць іх моладзі рэгіёнаў. Ад станцыі "Віцебск" састаў пад назвай "Беларусь. Моладзь. Натхненне" адправіцца ў 23:00. 

Важныя тэмы для моладзі, для кожнага  актывісты абмеркавалі сёння падчас адкрытага дыялогу

Памяць - тое, без чаго няма будучыні. Удзельнікі дня моладзі ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. А госці з Брэсцкай вобласці пастараліся перанесці сяброў у месцы партызанскай славы. 
Музыка са старога кіно і сучасныя хіты. Уся палітра музычных пераваг - на адной конкурснай сцэне. Так супала, што менавіта ў дзень моладзі на "Славянскім базары" адбыўся дзіцячы музычны конкурс. Два выступленні ў адзін дзень. Хіба гэта складана, здзіўляецца канкурсант з Фінляндыі Сяргей Рэбітва. 
Беларусь у вакальным спаборніцтве прадстаўляе 14-гадовая Ангеліна Ламака. На "Славянскі базар" адабралася з трэцяй спробы. У сілах упэўненая. 
Вердыкт журы абвесціць заўтра - на дзіцячым гала-канцэрце. І маленькіх зорачак абавязкова выкупаюць у авацыях, як гэта здарылася сёння з удзельнікамі канцэрта "З Украінай у сэрцы".
 

Заўтра - дзень беларускай культуры  

Заўтра на "Славянскім базары ў Віцебску" гучным акордам аб сабе заявяць беларускія артысты. У 16 гадзін на сцэне Летняга амфітэатра ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра праспяваюць Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева. У шоу выйдуць і ўдзельнікі дарослага вакальнага конкурсу. Гэта будзе іх першае конкурснае выступленне. Другое адбудзецца ў канцэрце закрыцця. Так што, інтрыга, хто пераможа, раскрыецца акурат пад заслону фестывалю.