Сёння ў Віцебску назавуць імя ўладальніка Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні

17 июля 2017

Сёння ў Віцебску стане вядома імя ўладальніка Гран-пры XXVI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.

Учора ўвечар у Летнім амфітэатры прайшоў другі дзень фіналу. Удзельнікі з 15 краін выканалі сусветныя хіты. Нягледзячы на тое што абсалютная большасць кампазіцый была на англійскай, вакалісты маглі пагутарыць з публікай на роднай мове. А Мексіка і Калумбія вызначыліся аўтэнтычнымі касцюмамі - каларытныя канцэртныя ўборы дадалі яркасці фіналу.

Беларускі канкурсант Ягор Шаранкоў выканаў несмяротны хіт групы Queen "We are the champions". На суд журы ён прапанаваў новую інтэрпрэтацыю кампазіцыі, змяніўшы аранжыроўку. Па выніку двух конкурсных дзён у Ягора 151 бал. Роўна столькі ж і ва Улада Сытніка - украінскага дэлегата. Вынікі конкурсу падвядуць сёння на ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю.