Сёння ў Лісабоне стартуе "Еўрабачанне"

6 мая 2018

Ужо многія гады музычны конкурс пачынаецца з афіцыйнай цырымоніі і чырвонай дывановай дарожкі. Але сёння ўпершыню традыцыя будзе парушаная. Чаму? Раскажа Яўген Перлін.

Максімальная колькасць фанатаў "Еўрабачання" - у еўравёсцы. Да паўфіналаў яшчэ некалькі дзён, а балельшчыкі ўжо гуляюць па вуліцах у пошуку сваіх куміраў.

Сёлета еўравёска размясцілася на самай вялікай плошчы Лісабона - Палацавай, або Гандлёвай. Пабудавалі аб'ект разам з вялізнай сцэнай за два дні. Уваход - бясплатны. Тут можна купіць афіцыйныя сувеніры, праспяваць хіт "Еўрабачання" і пакаштаваць традыцыйны ласунак - паштэль да ната.

Афіцыйна інфармацыю не пацвердзілі, але цалкам верагодна, што артыстаў да сіняй дарожкі будуць падвозіць новенькія "Тэслы". Электракары новага пакалення ўжо ўдзельнічалі ў цырымоніі адкрыцця "Еўрабачання" чатыры гады таму.

Замест чырвонай дарожкі сёлета на "Еўрабачанні" будзе сіняя. Уся атмасфера конкурсу ў Партугаліі прасякнутая морам і акіянам. Беларускі ўдзельнік ALEKSEEV з'явіцца на цырымоніі адкрыцця пад шостым нумарам. Артысты прыбываюць у алфавітным парадку назваў сваіх краін.

Вось з гэтых экранаў сёння ўвечар можна будзе назіраць за цырымоніяй адкрыцця, сіняй дывановай дарожкай. Днём горача, але бліжэй да вечара тут збіраюцца тысячы прыхільнікаў "Еўрабачання" на канцэрты запрошаных артыстаў і трансляцыі.

Пасля старту еўратыдня - з панядзелка - пачнуцца рэпетыцыі і падрыхтоўка да шоу. Беларусь выступіць у першым паўфінале ў аўторак. ALEKSEEV выканае песню Forever пад 8-м нумарам.