Сёння ў Беларусі дзейнічаюць два галоўныя фонды, якія шукаюць юных геніяў па ўсёй краіне

1 июня 2013

Адзін збірае адораных навучэнцаў і студэнтаў, як правіла, гэта будучыя навукоўцы, другі - таленавітых маладых артыстаў. Усе яны атрымліваюць ад дзяржавы падтрымку, у тым ліку і матэрыяльную.


Тэму прадоўжыць Ларыса Гулякевіч.


Адкуль бяруцца таленавітыя і адораныя дзеці. Як распазнаць іх здольнасці і прымусіць вучыцца. Менавіта сюды, у музычную гімназію-каледж, прыязджаюць дзеці з усёй Беларусі. Канцэрты, міжнародныя конкурсы, прэстыжныя педагогі і магчымасць паступіць у Беларускую акадэмію музыкі.


Арцём Шышкоў - гонар краіны, дыпламант самых прэстыжных сусветных музычных спаборніцтваў. Гэта для яго еўрапейскія калекцыянеры на выбар прывозілі цэлы збор Страдывары. Зараз Арцём сам рыхтуе маленькую скрыпачку для паступлення ў каледж.


Тут пачыналі свае першыя творчыя крокі такія кампазітары і музыканты, як Лучанок, Раінчык, Смольскі, Картэс, сама рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава і мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк. Дарэчы, на філарманічнай сцэне маленькія музыканты выступаюць пастаянна.


У краіне ўдзяляецца вялізная ўвага і талентам, якія толькі выяўляюць сябе, і тым, хто ўжо даказаў майстэрства не толькі здольнасцю, але працай і стараннасцю. На сустрэчы з таленавітай моладдзю Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, уручаючы маладым людзям заслужаныя ўзнагароды ад Спецыяльнага фонду, выказаў надзею на іх светлую будучыню.


Магчымасць прадэманстраваць сваё канцэртнае майстэрства Кіраўніку дзяржавы і Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту - падзея, якая маленькім віртуозам запомніцца на ўсё жыццё. Ды яшчэ на Вялікдзень 5 мая ў мінскім храме-помніку ў гонар Усіх Святых.


Акрамя прызнанняў і ўзнагарод, важнай дапамогай з'яўляецца набыццё добрых інструментаў. Каштуюць яны не мала, а ад іх якасці залежыць і гучанне, і поспех на выступленнях.


Зараз ідзе рэстаўрацыя гістарычнага будынка каледжа паралельна з навучальным працэсам. Там, дзе гучыць музыка і выхоўваюцца таленты, будучыня расквітае разам з краінай.