Сёння стартуе XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад"

4 ноября 2016

Галоўная кінападзея года Беларусі - "Лістапад -2016" - адкрываецца сёння ў Мінску. Віншаванне ўдзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Па добрай традыцыі штогод у лістападзе сталіца Беларусі прымае вядомых рэжысёраў, раскрывае гледачу багатую палітру мастацкіх і дакументальных фільмаў з усяго свету. Прадстаўленыя тут работы ўжо атрымалі высокую ацэнку прафесіяналаў і знатакоў кінамастацтва. Цяперашні фестываль праходзіць у Год культуры, калі асаблівая ўвага дзяржавы прыцягнута да падтрымкі творчых ініцыятыў дзеячаў мастацтва і пошуку перспектыўных моладзевых праектаў", - гаворыцца ў віншаванні Кіраўніка дзяржавы.

"Насустрач натхненню". З такім слоганам сёння стартуе 23-ці Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". У ім прымуць удзел 159 карцін з 45 краін. Дэбютант гэтага года - Ліван. Рэпартаж Вольгі Мядзведзь.

Тытулаваны аўтарскі артхаус з 45-ці краін з гэтага дня ў пракаце сталічных кінатэатраў. Да чырвонай дарожкі 23-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" застаюцца лічаныя гадзіны. Журы, акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, а таксама ганаровыя госці форуму ўжо прыбываюць у Мінск. Больш як сотня дэлегатаў будуць прадстаўляць свае праекты, якія да пачатку фестывалю суправялі цітрамі на рускай мове.

Прэс- цэнтр і галоўны штаб форуму працуюць у рэжыме нон-стоп. Адкрыліся яны задоўга да старту "Лістапада". Пастаяннай фестывальнай пляцоўкай прэс-цэнтра стаў кінатэатр "Цэнтральны". Літаральна за некалькі дзён да цырымоніі адкрыцця тут жа адбылася акрэдытацыя СМІ. З пачатку восені на ўдзел у асвятленні падзей "Лістапада" было пададзена каля сотні заявак ад агенцтваў і выданняў.

У конкурснай праграме - каля 8 дзясяткаў аўтарскіх фільмаў. Яны прадстаўленыя ў шасці намінацыях: асноўны конкурс гульнявога кіно, дакументальнага кіно, "Маладосць на маршы", конкурс нацыянальных кінашкол, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" і нацыянальны конкурс.

Апроч кінапаказаў у праграме запланаваныя дзясяткі мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю экраннага мастацтва. Напрыклад, выставы, прысвечаныя кінематографу, выйдуць за часовыя рамкі фестывальнага тыдня. У Музеі гісторыі беларускага кіно - фотапаказ закадравай кухні рэжысёра Яніса Стрэйча. У галерэі Савіцкага - рэтраспектыва афіш да кінастужак польскага класіка Анджэя Вайды. А Нацыянальны гістарычны музей распавядзе пра зараджэнне і развіццё кінематографа ў Беларусі. Таксама адбудуцца сустрэчы і прэс-канферэнцыі са знакамітымі гасцямі фестывалю.

Упершыню на "Лістападзе" - сферычнае кіно. Навінка гэтага форуму - пакуль частка пазаконкурснай, забаўнай праграмы. Падчас сеансу гледачам надзенуць акуляры віртуальнай рэальнасці. Гэта дазволіць улавіць малюначак не ў звыклых 2Д і 3Д фарматах, а акунуцца ў прастору на ўсе 360 градусаў.