Сёння першы дзень рэпетыцый у прадстаўнікоў Беларусі на "Еўрабачанні"

2 мая 2017

Група NaviВand рыхтуецца выпрабаваць галоўную музычную сцэну Еўропы. Адбудзецца гэта заўтра, а пакуль артысты трэніруюцца разам з рэжысёрам нумара і харэографам. Усе падрабязнасці - у нашага спецыяльнага карэспандэнта ў Кіеве Яўгена Перліна.

Сёння беларуская дэлегацыя ўключае рабочы рэжым, фармат, які нас чакае ў найбліжэйшыя два тыдні. Адразу пасля сняданку вакалісты ідуць да ўрача-фаніяра. Усе артысты - уважліва ставяцца да свайго голасу, бо рэпетыцыі праходзяць кожны дзень. Тут, у Кіеве, з імі працуе трэнер па вакале Вольга Драздова.

Пасля NaviВand адправяцца знаёміцца з арэнай - гэта Міжнародны выставачны цэнтр. І там жа яны ўпершыню выпрабуюць устаноўку для палёту падчас свайго выступлення.

Напярэдадні Ксюша і Арцём пазнаёміліся са стылістам-іміджмейкерам Дзмітрыем Куратам і яго камандай.

Пасля запланавана трэніроўка з харэографам, бо ўжо заўтра ў NaviВand - індывідуальная рэпетыцыя на галоўнай сцэне.

Ну і сёння ўвечар нашых артыстаў чакаюць на ўкраінскім тэлебачанні.