Scorpions даюць сольны канцэрт у "Мінск-Арэне"

15 ноября 2019
Мінск захліснула рок-хваля. У гэтыя хвіліны Scorpions даюць сольны канцэрт. Музыканты сабралі арэну ў рамках свайго развітальнага Crazy world tour. Кожны візіт легендарных бунтароў у Мінск фанаты расцэньваюць як фінальны. Але напярэдадні на прэс-канферэнцыі саліст і заснавальнік "Скарпоў" Рудольф Шэнкер супакоіў армію фанатаў, заявіўшы аб рэлізе новага студыйнага альбома. Відаць, Scorpions  яшчэ спяваць і спяваць. 

На сувязі са студыяй наш карэспандэнт Дар'я Тарасава (прамое ўключэнне).

Як спяваюць у сваіх песнях Scorpions,  узрушылі, як ураган, арэну рокеры з першых нот 

У сет-лісце не толькі  знаёмыя сінглы, а мультыплацінавыя хіты. І, здаецца, з такой падтрымкай фанатаў зусім не абавязковы бэк-вакал. 
У гэтыя хвіліны 15-тысячная зала падпявае "Скарпам" "Wind of change" - сінгл, які стаў сімвалам эпохі і тайным заканчэннем халоднай вайны. Многія тут, каб пачуць жалезныя звязкі франтмена Клауса Майнэ. І, мяркуючы па дэцыбелах, галоўны голас, неаддзельны ад галоўнага калектыву ўсіх часоў, у форме. А Рудольф Шэнкер, дзякуючы якому з невядомага гановерскага квінтэта Scorpions  сталі галоўнымі хард-рокерамі, заводзіць натоўп гітарным сола. 

У наступным годзе Scorpions адзначаць 55 гадоў на сцэне 


Убачыць легендарны склад сабраліся не толькі беларусы, з-за лаяльных цэнаў на шоу да нас прыехалі суседзі. Паляцець без падарунка ад мінскіх фанатаў у "Скарпоў" проста няма шанцаў. Пад візітоўку гурта - Still loving you - прыхільнікі рок-ідалаў падрыхтавалі для сваіх куміраў флэшмоб. У зале адразу некалькі пакаленняў слухачоў. Адны нядаўна прасякліся творчасцю,  другія  аднагодкі гурта, выраслі на музыцы Scorpions. Дарэчы, у наступным годзе рокеры адзначаць 55 гадоў на сцэне.
 

Стадыённае шоу ад Scorpions  - гэта тоны святла і гуку. Абсталяванне гастралюе па свеце разам з артыстамі


На экранах пад кожны хіт  свой відэарад. Гэтая ж тэхніка адказвае за трансляцыю таго, што  адбываецца на сцэне. Дзякуючы сучасным тэхналогіям ударнік гурта Мікі Дзі літаральна  лунаў над арэнай, адарваўшыся ад подыума. 
Наступны пункт на карце сусветнага турнэ - Венгрыя. Лавіць медыятары і барабанныя палачкі на ўдачу праз тры дні будуць у Будапешце. На шоу рокеры паляцяць на прыватным самалёце.