Самы калючы і смешны часопіс прэзентуе выставу да свайго юбілею

14 сентября 2016

"Вожыку" - 75! Самы калючы і смешны часопіс прэзентуе выставу да свайго юбілею. Больш за 200 гумарыстычных малюнкаў прапанавалі ў сталічным Палацы мастацтва, дзе сёння сабраліся майстры шаржа і карыкатуры. Мая калега Іна Пілевіч аб тым, як з гадамі змяняліся сатыра і гумар.

Смяшыць не словам, а малюнкам. Піша жарты тушшу і пёравай ручкай. Карыкатурыст Аляксандр Каршакевіч аддае перавагу даўнейшай тэхналогіі, нягледзячы на сучасныя магчымасці камп'ютараў. Галоўны мастак часопіса "Вожык" больш за тры дзесяцігоддзі заўважае смешнае ў надзённым жыцці.

Найстарэйшае сатырычнае выданне краіны. Сваё імя яно атрымала за калючыя, як іголкі вожыка, жарты. Але 75 гадоў таму выданне называлі па-іншаму. Сатыра была зброяй ў барацьбе з фашызмам.

Дэмабілізацыя ваеннага агітплаката - менавіта так празвалі з'яўленне "Вожыка" ў друку. Справа ў тым, што сатырычны часопіс вырас з агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", які выходзіў падчас Вялікай Айчыннай вайны для партызан і мірнага насельніцтва акупіраванай часткі Беларусі. Гумар у малюнках дапамагаў не страціць веру ў перамогу.

Палітычная карыкатура, высмейванне бытавых праблем, крытыка бюракратыі, разгільдзяйства. Што хвалявала беларусаў за апошнія 75 гадоў - можна прасачыць на выставе, прысвечанай юбілею часопіса. У экспазіцыі - гумарыстычныя малюнкі, шаржы.

Стартавая пляцоўка для пачаткоўцаў і гумарыстычная арэна для прафесіяналаў. Тут друкаваліся творы Волкава, Гурло, Ждана і многіх іншых вядомых мастакоў. Хаця на сёння ў штаце 4 супрацоўнікі, часопіс публікуе работы амаль дзвюх соцень аўтараў. Беларускі брэнд "Вожык" малюе ўся Беларусь.