Сальвадор Далі ў бронзе, золаце і каштоўных камянях

15 марта 2019
Вернісаж, які ахоплівае ўсе грані самага эпатажнага мастака 20 стагоддзя, адкрыўся сёння ў Мінску. У такім маштабе на постсавецкай прасторы працы знакамітага іспанца яшчэ не экспанаваліся. У калекцыі - больш за сотню твораў, якія за асабістым подпісам Сальвадора Далі тыражаваліся на ювелірных заводах і ў ліцейных майстэрнях. З самага гучнага вернісажу - Дар'я Тарасава.

Сусвет Далі пераехаў у залы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Тэрпсіхора ў інтэрпрэтацыі сюррэаліста сустракае наведвальнікаў яшчэ каля ўваходу ў музей. 4-метровая муза танца - гэта два люстраныя вобразы. Класічны і кубісцкі. Трохмернае прысвячэнне - не адзіны арт-аб'ект ад Далі, які ўпрыгожыў Мінск. Напярэдадні на Зыбіцкай усталявалі "Трыумфальнага слана". Дарэчы, скульптура можа застацца ў беларускай сталіцы назаўжды. Dali Universe і Нацыянальны мастацкі вядуць перамовы. 

Страхавы кошт калекцыі ацэньваецца экспертамі ў 20 мільёнаў еўра. Шэдэўры ад Далі ў беларускую сталіцу завіталі наўпрост з Швейцарыі. Усе правы на экспанаты - за арт-дылерам і сябрам Сальвадора Далі італьянцам Беньяміна Леві. Дарэчы, калекцыянер, якому 91 год, упершыню прыехаў у Мінск, каб асабіста прадставіць адзін з найбуйнейшых у свеце збораў Dali Universe.

Яму было цесна ў рамках палатна. Хоць Далі ніколі не меў уласнай ліцейнай майстэрні, ён асабіста ствараў арыгінальныя макеты, якія затым адліваліся ў Еўропе. Свае вар'яцкія праекты ўвасабляў з дапамогай тэхнікі васковай мадэлі. Тыраж кожнай сцвярджаў асабіста. Так, на скульптурах Далі можна ўбачыць лічбы праз дроб. Першая - нумар экзэмпляра, другая - дапушчальная колькасць магчымых копій. Дарэчы, арыгіналаў, паводле версіі самога Далі, можа быць максімум 8.

Ствараючы скульптуры, ён звяртаўся да тых жа вобразаў, што фігуруюць на яго карцінах. Самы растыражаваны з іх - "Мяккі гадзіннік". Напрыклад, у гэтым манументальным творы лёгка адгадваецца палатно "Пастаянства памяці". Дарэчы, гадзіннік Далі заўсёды паказвае 6. Так сюррэаліст спрабаваў спыніць час. 

Выстава "Сусвет Далі" - гэта новы погляд на стэрэатыпы, якімі мільгае вобраз эпатажнага іспанца. Сюррэаліст ствараў і ювелірныя шэдэўры. Раскошныя ўпрыгажэнні, абсыпаныя сапфірамі, алмазамі і рубінамі, у Нацыянальным мастацкім пад асаблівым наглядам. Ювелірныя працы па эскізах майстра знаходзяцца ў зашклёных вітрынах. У экспазыцыі - эксперыменты Далі са шклом і керамікай. Асобны блок - графіка каталонца. У ёй эпізоды з гісторыі, біблейскія сюжэты, а таксама варыяцыі на тэму міфічных персанажаў. У экспазыцыі - дзясяткі ілюстрацый да сачыненняў і раманаў.

Адзін з цэнтральных элементаў выставы - "Касмічны слон" Далі. Гэта самы цяжкі экспанат масай у некалькі сотняў кілаграмаў. Арт-аб'ект апынуўся самым складаным і падчас транспартоўкі. Слон прыехаў у Мінск уверх нагамі, у асобным боксе дабіраўся і абеліск, які знаходзіцца ў яго на спіне. Азнаёміцца з парадаксальнымі спалучэннямі форм і элементаў ад Сальвадора Далі можна да канца чэрвеня. Да гэтага часу сусвет іспанскага генія будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім.