Рубрыка "Матчбол"

16 апреля 2021
У сталіцы працягваецца конкурсны праект "Музейныя лабірынты". Галоўны прыз - падарожжа па Беларусі. Ініцыятыву падтрымалі адразу 6 сховішчаў каштоўнасцей. А Нацыянальны мастацкі, акрамя шэдэўраў  Мая Данцыга, гатовы пазнаёміць з сакральнай скульптурай. Пераканаўчай афішай аматараў высокага мастацтва радуе Вялікі тэатр Беларусі - сёння на акадэмічных падмостках дадуць балет Чайкоўскага. 

Пра падзеі, якІя ў культурным рытме сталіцы вы маглі не заўважыць, але яшчэ паспееце ацаніць – Дар’я Тарасава.

108 хвілін, якія змянілі свет, - палёт чалавека ў космас. Да юбілею пуску з касмадрома Байканур у Нацыянальны гістарычны даставілі дыпламатычную пасылку з Зорнага гарадка. І гэта пакрокавая інструкцыя для тых, у каго няма праблем з вестыбюлярным апаратам: ад справы аб рэкордах касмічнага манеўра да кіцеля галактычнага першапраходца.

Самы вядомы касмічны вобраз, у якім Гагарын праходзіў падрыхтоўку да палёту, - скафандр СК-1. Важыць такі ўбор 20 кілаграмаў. У ідэнтычнай мадэлі палкоўнік Ваенна-паветраных сіл Савецкага Саюза штурмаваў космас. На шлеме не ўбачым абрэвіятуры СССР. Літары дапісалі напярэдадні пуску, каб Гагарына не прынялі за шпіёна. 

Палкоўнік ВПС Алег Навіцкі, які сёння ў касмічнай камандзіроўцы, перадаў у фонды гістарычнага выратавальны рыштунак. Аранжавы гідракамбінезон для пасадкі на ваду і сіні - на выпадак умоў экстрэмальнага холаду. Тут жа доказ таго, што касманаўтыка - жаночая справа. У экспазіцыі - бартавы часопіс касмічнага карабля “Усход-6”, які вяла наша Валянціна Церашкова. Трафеі і ад першага беларуса ў космасе - Пятра Клімука. У 1978-м ён працаваў на станцыі “Салют-6”. Форменная куртка - адзіная рэч, якая была ў космасе.

Пакуль выставачныя пляцоўкі з сусветным імем алічбоўваюць свае калекцыі і чакаюць наведвальнікаў анлайн, Нацыянальны мастацкі галасуе за сустрэчы ў афлайн-фармаце. Найбуйнейшае сховішча каштоўнасцей папрацавала з тайм-менеджментам і перайшло на вясновы расклад. У эстэтаў з'явіліся дзве дадатковыя гадзіны, каб пазнаёміцца з шэдэўрамі.

Яшчэ 120 хвілін для тых, хто не паспявае з-за рабочай руціны, але не супраць культурнага палявання. Да першых дзён чэрвеня кожны чацвер уключна Нацыянальны мастацкі будзе адкрыты да 9 гадзін вечара. У распараджэнні эстэтаў - не толькі прагулка па тэматычных залах, але і экскурсіі ад мастацтвазнаўцаў. А на наступным тыдні галоўная галерэя нават прыме сэт ад джазавых музыкантаў.

Віцебская мастацкая школа - гэта не толькі пра авангардызм, але і акварэль. Мастацтва на мяжы графікі і жывапісу прымае сталічная галерэя Савіцкага. З нагоды чвэрці стагоддзя мастацкага аб'яднання, якое працавала ў дадзенай тэхніцы, экспанаты часова пераехалі з Віцебскага краязнаўчага. На суд экспертаў -  малюнкі, якія больш нагадваюць палатно-масла і максімальна дэталізаваныя творы, што пераклікаюцца з пуантылізмам. 

Арт-пляцоўкі працягваюць знаёміць з інтэрпрэтацыямі форм і аб'ёмаў. Да канца красавіка сталіца ва ўладзе фестывалю скульптуры. А ўжо заўтра ў Вялікім - вялікая опера. Менавіта "Турандот" Джакама Пучыні лічыў сваім лепшым стварэннем. Такім быў дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы “Праменад” кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.