Рубрыка "Праменад"

9 декабря 2016

Абноўлены музей і літаратурныя чытанні - сёння 125 годдзе з дня  нараджэння Максіма Багдановіча. Маляванка - беларуская тэхніка роспісу дываноў, прадэманстраваная ў галерэі "Універсітэт культуры". І творчасць з Аўстрыі - пад дахам беларускага цэнтра сучасных мастацтваў. Падзеі выхадных ў рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

У Беларусі праходзіць аўстрыйскі культурны сезон. Пачаўся ён у лістападзе канцэртнымі, літаратурнымі і кінамерапрыемствамі. Працягнецца і ў наступным 2017 годзе. Апошняя падзея гэтага года - выстава сучаснага аўстрыйскага мастацтва пад назвай "Вугал зроку".

 Ад жывапісу, графікі і скульптуры да прыкладнОга мастацтва, фатаграфіі, відэаінсталяцый. Сапраўднае знаёмства беларусаў са шматграннасцю творчасці сямі лепшых прадстаўнікоў сучаснага мастацтва Аўстрыі.

 Аляксандр Баерль, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Аўстрыі ў Беларусі: "Шэраг розных мерапрыемстваў будзе і ў наступным годзе ў рамках аўстрыйскага культурнага сезона. Гэта і сімпозіум з дыскусіямі, і опера "Чароўная флейта" Моцарта, якая адбудзецца ў мінскай оперы. Гэтымі мерапрыемствамі мы жадаем аб'яднаць класіку і сучаснасць Аўстрыі".

Выстава аб'ядноўвае 40 работ. У кожнага майстра - асобная выставачная зала ў прасторы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Знаёмства з сучасным мастацтвам Аўстрыі працягнецца да 24 снежня.

Маляваныя дываны Беларусі. Мастацкая тэхніка традыцыйнага народнага роспісу па тканіне: так званая маляванка прадэманстраваная ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. У гэтай тэхніцы працавалі такія сусветна вядомыя беларускія майстры, як Алена Кіш і Язэп Драздовіч.

Маляванка - наша культурная спадчына, у якой адлюстроўваецца той светапогляд, які натхняе як народных майстроў, так і прафесійных мастакоў. Гэта мары, спадзяванні, міфалагічныя ўяўленні, фальклор, гісторыя народа, што і з’яўляецца невычарпальнай крыніцай натхнення для сучаснага пакалення мастакоў.

Няўміручая класіка Уільяма Шэкспіра і Сяргея Пракоф'ева. Драматычны балет "Рамэа і Джульета" дае Вялікі тэатр Беларусі ў суботу.

Літаратурны твор Шэкспіра быў напісаны ў канцы 16 стагоддзя. Напрыканцы 18-га, калі італьянскі балетны тэатр засвоіў жанр харэадрамы, на танцавальнай сцэне з'явіліся пастаноўкі, заснаваныя на драматычных творах - у тым ліку і Шэкспіра. Харэографы звярталіся да такіх вядомых музычных твораў, як аднайменныя сімфонія Гектора Берліёза і ўверцюра-фантазія Пятра Чайкоўскага. Прыкладна з сярэдзіны 20 стагоддзя найбольш папулярнай сярод балетмайстраў становіцца партытура Сяргея Пракоф'ева. Першая пастаноўка адбылася ў 1938 годзе.

Балет у Мінску быў пастаўлены народным артыстам СССР Валянцінам Елізар'евым ў лістападзе 1988 года.

Дарэчы, у Вялікім тэатры Беларусі праводзіцца трэці Мінскі міжнародны калядны конкурс вакалістаў. У нядзелю гледачы могуць далучыцца да журы конкурсу. Са 120 удзельнікаў розных краін выберуць 30. Фінальны гала-канцэрт пераможцаў адбудзецца 13 снежня. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.