Рубрыка "Праменад"

27 февраля 2015

Адчуваецца подых вясны. Мінскія тэатры, выставы і канцэртныя пляцоўкі запрашаюць да рамантычнага баўлення часу.

Самыя цікавыя культурныя падзеі ў "Праменадзе", нашай пятнічнай рубрыцы, з Ларысай Гулякевіч. Купалаўскі тэатр дае ў гэтыя выхадныя "Пана Тадэвуша". Спектакль пастаўлены паводле культавага твора генія трох народаў - Беларусі, Польшчы і Літвы - Адама Міцкевіча. Гістарычныя рэаліі, адлюстраваныя ў спектаклі "Пан Тадэвуш", дазволяць гледачу дакрануцца да мінуўшчыны Беларусі.

Паэму "Пан Тадэвуш" называюць таксама гімнам-успамінам пра вольны край, які спазнаў лёс легендарнай Атлантыды. Твор напісаны Міцкевічам падчас парыжскай эміграцыі, прасякнуты настальгіяй пра час і мясціны, якія давялося пакінуць аўтару. Геаграфічна паэма прывязаная да Навагрудчыны, гістарычнай Літвы, да якой паэт звяртаецца ў першых радках твора. Паэма створаная ў традыцыях рамантызму, распавядае пра каханне, рыцарскую годнасць, штодзённасць старога шляхецкага побыту.

Яго творчасць – гэта свята сонечнага нью-арлеанскага джаза і ўся гісторыя блюза і свінга 50-60 гадоў. У Мінску выступае жывая джазавая легенда Рой Янг.

Яго імя назаўсёды ўпісана ў музычную гісторыю ХХ стагоддзя. Рой Янг – выканаўца джаза, блюза і соўл са стажам у паўстагоддзя. Зрабіў кар’еру ў Англіі, жыве ў ЗША і Ізраілі, а нарадзіўся на востраве Ямайка. Ён выступаў на лепшых пляцоўках свету з буйнейшымі музыкантамі.

Легендарнаму вакалісту акампануюць зоркі Санкт-Пецярбургскай джазавай філармоніі Давіда Галашчокіна. Сёння і заўтра яго канцэрты на пляцоўцы Палаца рэспублікі.

У першы дзень вясны Нацыянальны мастацкі музей запрашае падзівіцца на "Вынаходкі Леанарда да Вінчы". Вядома ж, не на арыгіналы, значная частка якіх была толькі ў эскізах і чарцяжах, а на экспанаты, створаныя італьянскімі рамеснікамі ў адпаведнасці з рукапісамі вынаходніка, вучонага, інжынера і мастака эпохі Адраджэння.

Гэтая выстава – дэманстрацыя геніяльнасці Леанарда як вынаходніка, вучонага і інжынера. Гэта сумесны аўстралійска-італа-беларускі міжнародны праект. Экспазіцыя налічвае 200 экспанатаў і ўжо аб’ехала паўсвету. Спецыялістамі было вывучана больш за 6 тысяч старонак рукапісаў да Вінчы, расшыфраваныя яго коды і люстраны спосаб пісьма, каб захаваць свае запісы ў таямніцы – своеасаблівае патэнтаванне сваіх вынаходак.

Тэму эпохі Адраджэння працягвае яшчэ адна выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з фондаў розных музеяў Італіі. "Матэр дэй. Іканаграфія аднаго кахання." Усе экспанаты выставы дэманструюць адзін з самых папулярных сярод мастакоў усіх часоў і школ вобраз – Мадонну з дзіцем.

Да пачатку вясны застаўся… адзін дзень. Падарункі да свята можна знайсці на выставе-продажы “Млын”, што ў экспацэнтры на вуліцы Янкі Купалы. Прыемна бавіць час!