Рубрыка Праменад

1 августа 2014

Фестываль у родных экстэр'ерах і пад беларускія рытмы, традыцыйнае адзенне шляхты ў новай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама іншы дызайнерскі падыход да творчасці савецкага класіка. Культурны агляд падзей будучага ўікенда ад Ніны Мажэйкі.


А ці спрабавалі вы кансерваваць золата? Калі так, у вас ёсць задаткі Плюшкіна. Залатыя зліткі ў трохлітровых слоіках і прагнасць, якая даходзіць да абсурду. Камедыю пра скупянду ладзіць Сучасны мастацкі тэатр. Менш чым праз гадзіну другі прэм'ерны паказ.


Беларускі варыянт п'есы Жана-Батыста Мальера стракаціць падрабязнасцямі. Усё, нават дэкарацыі, намякаюць на сквапны характар галоўнага героя. Дзеянне разгортваецца на фоне сцяны прагнасці, якая нагадвае картатэку.


Усяго перад летняй паўзай камедыю пакажуць тры разы. Не прапусціце апошні ў гэтым сезоне.


Цэлая эпоха і настальгія пад класічную сяміструнную. Дарэчы, менавіта рускую гітару легендарны бард і акцёр Уладзімір Высоцкі любіў больш за ўсе. Манументальны дызайнерскі праект памяці, без перабольшання, зоркі савецкай рэчаіснасці займае адразу 3 залы Цэнтра сучасных мастацтваў.


Інсталяцыя ў гонар праслаўленага голасу з характэрнай хрыпатцой - праект, які дызайнер Сяргей Шыла выношваў некалькі дзесяцігоддзяў. Усе прадметы ў экспазіцыі з уласнага куфару, якія з лёгкасцю можна аднесці да стылю рэтра. Новы падыход да творчасці савецкага класіка можна паглядзець да канца месяца.


Фестываль з пацыфісцкімі прыхільнасцямі. Музычныя оўпен-эйры працягваюць займаць тэрыторыю. На гэты раз хутар пад Мінскам ладзіць гучны канцэрт. Прафесійная сцэна і мноства беларускіх артыстаў пачнецца амаль што з ранку суботы.


Акрамя шоу і канцэртаў, яшчэ творчыя майстэрні, інсталяцыі і летнія гульні. Абяцаюць і традыцыйныя фотасесіі - напрыклад, на фоне дывана. Ратуйцеся ад спякоты ў родных экстэр'ерах і пад беларускія рытмы.



У даўжыню - локцяў 8, у шырыню - 1. Восем кунтушовых паясоў Рэчы Паспалітай, Францыі і Расіі выставілі ў Мінску. Тканыя шэдэўры з уласнай калекцыі сталічнага калекцыянера. Традыцыйнае адзенне шляхты, а таксама статусныя аксесуары ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.


Мінчанін пажадаў застацца інкогніта. Экспертыза ж пацвердзіла: паясы зробленыя па ўсіх тэхналогіях, але не на Слуцкай мануфактуры. Дакладней - толькі адзін. Астатнія сатканыя на манер нашых ў Кракаве, Ліёне, Маскве. Датуюцца другой паловай 18 - 19 стагоддзяў.


На сёння ў архівах мастацкага музея не захавалася ніводнага цэлага слуцкага пояса, ёсць толькі два фрагменты. Нацыянальная рэліквія ў выставачных залах толькі на 3 месяцы.


Ад мора да мора. Творчая прастора ЦЭХ прапануе мэптурызм ці па-нашаму гістарычны экскурс. Дзе жылі продкі беларусаў і як бачылі нашу краіну з Сярэднявечча.


20 старажытных карт Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якія больш нагадваюць жывапісныя палотны, чым сухія геаграфічныя арыенціры.


Сучасныя рэпрадукцыі з рукапісных палотнаў, якія датуюцца 13 - 18 стагоддзямі. На сучасную Беларусь па-іншаму можна паглядзець да канца гэтага месяца.


Такім будзе ўікенд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў задавальненні.