Рубрыка "Праменад"

1 июля 2016

Шэдэўры мастацкага музея Беларусі выйшлі на вуліцу, а больш дакладна - на плошчу Свабоды

Выстава, прысвечаная дэнамінацыі, з гісторыяй грошай - у гістарычным музеі. Беларусь вачамі піцерскіх мастакоў і працяг музычных вечароў у Ратушы. Падрабязнасці - у нашай рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

20 партрэтаў легендарных мінчан - славутасцяў нашага часу! Сваіх герояў трэба ведаць ў твар! Выстава пад адкрытым небам на плошчы Свабоды ад Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Да канца верасня.

Гэта копіі партрэтнага жывапісу з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Кожны партрэт суправаджаецца аповедам пра славутых асоб, якія ўплывалі на лёс горада і краіны. Праект пад назвай «Вольны музей: гарадскія легенды» - новы сучасны фармат музея. Плануюцца і іншыя выставы пад адкрытым небам у цэнтры Мінска.

У Нацыянальным гістарычным - актуальная выстава, прысвечаная дэнамінацыі. Гісторыя грошай, што хадзілі на тэрыторыі Беларусі ў розныя гістарычныя часы. Выстава так і называецца “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”.

Дзякуючы багатай нумізматычнай калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, экспазіцыя паказвае, якім чынам змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу амаль 2 тысяч гадоў. А таксама гісторыю грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі ад першага масавага з’яўлення рымскіх манет і да сучаснасці. Асаблівая ўвага надаецца рэформам, якія адбываліся на беларускіх землях у розныя часы.

Асобны раздзел выставачнага праекта распавядае пра манетныя скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі нашай краіны. Нацыянальны гістарычны музей валодае найбагацейшай калекцыяй сярод музеяў Беларусі.

Да вобраза Беларусі дадаюцца ўсё новыя фарбы і рысы характару. Хтосьці бачыць прыгажосць нашай краіны ў шэра-блакітных тонах неба, азёр, дзявочых вачэй. Некаторыя вылучаюць пшанічную прыгажосць бялявых валасоў… Як убачылі Беларусь расійскія мастакі-прафесіяналы, якія спецыяльна выязджалі на пленэры для гэтага праекта?

На выставе прапанаваныя работы расійскіх жывапісцаў, беларускія калегі - мастакі знаёмяцца менавіта з піцерскай школай, яе традыцыямі выяўленчага мастацтва. Праект накіраваны на развіццё міжнародных культурных сувязяў.

Чэрвеньскія джазавыя суботы ля Ратушы завяршыліся. Лета - у ліпені, а гэта значыць, пачынаюцца вечары класікі на тым жа месцы ў той жа час. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.