Рубрыка "Праменад"

19 января 2018

Выстава тэкстылю і касцюма ад студэнтаў Акадэміі мастацтваў, «Легенда беларускай оперы» - новая экспазіцыя ў Музеі тэатра і музыкі, а ў Гістарычным музеі «Таямніцы святла» раскрывае мастак Анастасія Балыш. Час планаваць культурную праграму выхаднога дня. Ларыса Гулякевіч запрашае на "Праменад".

Тэкстыль і касцюм. Сувязь класікі і сучаснасці, народнай культуры і эксперыментальных падыходаў - на выставе «Гіперсувязі»

Аўтары выставы, што адкрылася ў галерэі «Высокае месца», маладыя мастакі па тэкстылі і адзенні - студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яны распрацоўваюць не толькі калекцыі pret-a-porter, але ў межах навучальнай праграмы надаюць асаблівую ўвагу і тэатральнаму касцюму, вывучаюць розныя тэхнікі дэкарыравання і трансфармацыі тканіны.

“Легенда беларускай оперы” - выстава з такой назвай адкрываецца сёння ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Экспазіцыя прысвечана 90-годдзю народнага артыста і рэжысёра оперы Сямёна Штэйна.

Ён быў рэжысёрам оперных спектакляў у Вялікім тэатры оперы і балета з 1970 года. У экспазіцыі - фотаздымкі, асабістыя рэчы артыста, афішы, праграмы, эскізы, касцюмы да спектакляў, дакументы з архіва Штэйна і матэрыялы з фондаў музея і тэатра. За чатыры дзесяцігоддзі рэжысёрскай кар’еры Сямён Штэйн паставіў амаль восем дзясяткаў спектакляў і не толькі ў беларускіх тэатрах, але і ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Каўнасе, Сафіі. Зараз у Вялікім тэатры Беларусі застаўся толькі адзін спектакль у пастаноўцы Сямёна Штэйна “Баль-маскарад” Вэрдзі.

Святло дзяцінства, мацярынства, клопату і пяшчоты, словам, усе “Таямніцы святла” раскрывае беларускі мастак Анастасія Балыш. Экспазіцыя ўключае звыш 20 твораў жывапісу і інсталяцыі.

Пазнаёміцца са сваім бачаннем свету, разгледзець яго фізічнае і філасофскае ўвасабленне прапануе мастак у Нацыянальным гістарычным музеі. Анастасія Балыш удзельнічае ў розных міжнародных і рэспубліканскіх выставах, ілюструе дзіцячыя кнігі, якія ўжо выдадзены ў Беларусі і ЗША. Да таго ў яе творчай скарбонцы роспіс іканастаса царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Мядзельскім раёне.

У нядзелю Белдзяржфілармонія прапануе канцэрт-абанемент «Іграем з аркестрам». Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.