Рубрыка "Праменад"

14 апреля 2017

Час планаваць выхадныя. У галерэі «Высокае месца» лепшыя творы сучаснага беларускага мастацтва, выстава «Космас Івана Міско» са скульптурнымі партрэтамі касманаўтаў экспануецца (прадстаўлена) ў галерэі Савіцкага. А Вялікі тэатр дае балет «Лебядзінае возера».

Усе падрабязнасці з эксклюзівамі ў рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч. Лепшыя творы беларускага сучаснага мастацтва на выставе «3х3». Работы пераможцаў пятай Беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры з гонарам прадстаўляюць выключна нацыянальную экспазіцыю.

40 твораў розных стыляў і напрамкаў у трох намінацыях (жывапіс, графіка і скульптура) ад 9-ці беларускіх майстроў аб'ядноўвае адзіная стылістыка шэра-карычневага колеру. Аўтары называюць гэтую з'яву тонам беларускай ментальнасці, але мастацтвазнаўцы з Еўропы – колерам добрага густу.

Творы пераможцаў пятай Беларускай біенале, што праходзіла напрыканцы мінулага года ў мастацкай галерэі “Высокае месца”, будуць выстаўлены да 30 красавіка.

«Космас Івана Міско». Нездарма народнага майстра называюць касмічным скульптарам. У яго ж цэлая галерэя скульптурных партрэтаў прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Рэтраспектыва творчасці Івана Міско прысвячаецца 85-годдзю мастака.

Касманаўты былога Савецкага Саюза, сярод якіх і беларусы Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Пазіравалі Івану Міско і ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў - прадстаўнікі Манголіі, Румыніі, Кубы, Францыі, Германіі, Сірыі, Вялікабрытаніі і Японіі. Але выстава прысвечана не толькі Дню касманаўтыкі. Народны мастак Беларусі, уладальнік ордэнаў Скарыны і Юрыя Гагарына адзначыў юбілей - 85 гадоў. На выставе творы, пачынаючы з 1970-х, сярод герояў буйныя прадстаўнікі Беларусі.

Самы знакаміты балет усіх часоў і народаў - «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага - у суботу на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Менавіта гэты спектакль з'яўляецца візіткай нашага балета на гастролях у іншых краінах.

У аснову сюжэта пакладзены шматлікія фальклорныя матывы, якія часткова выкарыстоўваліся дагэтуль у розных літаратурных творах, а таксама оперных і балетных лібрэта. Чары злога генія дзейнічаюць днём, але з надыходам месяца белы лебедзь ператвараецца ў чароўную Адэту. Паводле легенды, слёзы маці па выкрадзенай злодзеем дочцы пераўтварыліся ў чароўнае лебядзінае возера. Балет ідзе ў трох дзеях.

Вялікдзень. Гэтым святам некалі пачынаўся новы каляндарны год. Вясновае свята можна адзначыць пад адкрытым небам у Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.