Рубрыка "Праменад"

24 июня 2016

Вяртанне фотавыставы стагадовай даўнасці ў фонды гістарычнага музея. Праект «Арт-астравы» зноў захапляе крэатывам. І летнія опен-эйр за межамі горада. З падрабязнасцямі - рубрыка «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

Амаль дэтэктыўная гісторыя пра фатографа Льва Дашкевіча, які напачатку ХХ стагоддзя ствараў шэдэўры фотамастацтва. Чорна-белай гэтую выставу не назавеш. Яна вярнулася ў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў новым фармаце, у новым адзенні і з новым сэнсам.

Лёс гэтых фотасведкаў даволі неардынарны. Фотаздымкі беларускіх сялян, вёсак і гарадоў стагадовай даўнасці цудоўнага прафесіянала, але невядомага мастака захоўваліся ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Творчая група на чале з ізраільскім фотамастаком Алікам Замосціным дала фотаработам новае жыццё. Імя аўтара таксама было высветлена – вучоны, педагог, фотамастак і эксперыментатар Леў Дашкевіч.

Выстава ўжо наведала Іерусалім, а зараз адбылася перадача фотаработ Льва Дашкевіча ў фонды музея. На ўрачыстай прэзентацыі пабывала ганаровы госць, міністр абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвер.

15 гіганцкіх арт-аб'ектаў у самым сэрцы Мінска. Аднаўляецца праект «Арт-астравы» на Камсамольскім возеры. Велізарныя інсталяцыі пад адкрытым небам ад вядомых беларускіх мастакоў.

Матэрыялы самыя розныя - ад дрэва да пластыку і металу. Кожная работа мае філасофскі кантэкст, у некаторых нават зашыфраваны рэбусы.

Усе выхадныя ў вёсцы Ураджайнай адзначаюць Купалле на міжнародным музычным фэсце «Купальскае кола».