Сярод лаўрэатаў спецпрэміі за подпісам Кіраўніка дзяржавы аўтарскі калектыў Агенцтва тэленавін
Ёсць у гісторыі сучаснай Беларусі традыцыі дзяржаўнага значэння. Калі вяртанне да вытокаў і захаванне нацыянальнай спадчыны без перабольшання становіцца справай усяго жыцця і атрымлівае ацэнку на самым высокім узроўні. Узнагароды "За духоўнае адраджэнне", а таксама спецпрэміі Прэзідэнта зусім хутка атрымаюць медыкі, навукоўцы, рэлігійныя дзеячы, а таксама прадстаўнікі культуры і мастацтва.
Сярод лаўрэатаў і мае калегі - аўтарскі калектыў Агенцтва тэленавін. Яны зрабілі амаль немагчымае. Экранізавалі справу жыцця герояў нашага часу. Аб прафесіяналізме буйным планам - рэпартаж Ніны Мажэйкі.
За 15 хвілін распавесці гісторыю прафесійнага поспеху. Бо год у жыцці на тэлебачанні - за два. А ўсё з-за хронаметражу. Час тут шануюць, а яшчэ больш людзей. Герояў нашага часу. 12 серый навуковага цыклу праекта "Справа жыцця" ў друкаваным фармаце прэтэндавалі б на шматтомнік. Толькі замест літаратурных персанажаў - рэальныя людзі.
Медыкі, навукоўцы, інжынеры нацыянальных прамысловых гігантаў - кожнага каманда праекта "Справа жыцця" вывучыла як сваяка. Не прапускаючы дробязі. З гэтых нюансаў і складаецца праца тых, хто робіць нашу сучаснасць і будучыню прагрэсіўнымі. Гады на распрацоўку і суткі на карысць свайго стварэння. Той выпадак, калі асабісты час роўны рабочаму.
З гэтых слоў пачынаецца праца над любым тэлевізійным праектам. Тэлефонныя перамовы, асабістыя сустрэчы з героямі. З тымі, хто не прывык знаходзіцца пад прыцэлам камер.
Антаніна Станкевіч, карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Журналісцкая рызыка была ў тым, каб сапраўды прымусіць людзей успомніць нейкія незвычайныя рэчы, дзесьці навесці іх на патрэбную гутарку. Таму што, як правіла, гаварылася пра штосьці, дзесьці гаварылася аб справах даўно мінулых дзён, дзесьці гаварылася аб праектах у працэсе, таму што праект - гэта не хоп і зрабіў, гэта тое, што доўжыцца гадамі".
Навочна растлумачыць гледачу, у чым складаецца задача хірурга-трансплантолага і для чаго ў лабараторных умовах вырошчваць журавіны.
Задача не з простых - зрабіць прафесійнае дасягненне фільмам. Перакласці гісторыю з вуснаў вузкіх спецыялістаў на тэлевізійную мову.
Руслан Туркоў, загаддзела крэатыўнага планавання Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Вядома ж, вакол адной ідэі ніколі не стаіць адзін чалавек. Стаіць цэлы калектыў. Была задзейнічаная высакакласная тэхніка, новае абсталяванне, якое закупіла Агенцтва тэлевізійных навін, квадракоптар, стэдыкам. Працавала высакакласная група і аўтараў, і рэжысёраў".
Аляксандр Атрашэўскі, загаддзела спецыяльных праектаў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Здымкі адной серыі даходзілі да двух тыдняў, напрыклад. Натуральна, мы пастараліся прыцягнуць лепшыя нашы сілы і ў галіне аператарскага майстэрства. І гукарэжысёры ў нас працавалі. Камеры ў нас працавалі толькі 4К, быў і квадракоптар, які ў нас лётаў, здымаў, паказваў, дзе гэта адбывалася".
Дзясяткі здымачных дзён, гадзіны праслуханых інтэрв'ю, падгонка сцэнарыя і мантаж - за кожную стадыю працэсу адказвае пэўны спецыяліст. Бо тэлебачанне - гэта таксама вытворчасць. Зусім хутка дэлегаты ад вялікай каманды паднімуцца на сцэну Палаца Рэспублікі, каб атрымаць заслужаную ўзнагароду для ўсяго калектыва за справу іх жыцця.













