Рубрыка "Праменад"

9 февраля 2018

Як адпачыць у выхадныя... душой? Фестываль Уладзіміра Співакова, выставы дагестанскага мастацтва і літаратуры ці традыцыйная мастацкая культура Беларусі? Зазірнула ва ўсе культурныя куткі Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

«Зунзул чані» - у перакладзе «світанак». Так называецца выстава твораў вядомага дагестанскага мастака і пісьменніка Марата Гаджыева.

Напярэдадні XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу сталіца знаёміцца з яе ўдзельнікамі. Марат Гаджыеў – дагестанскі мастак, журналіст, выдавец. У выставу ўключана серыя графічных работ, напісаных майстрам на тутавай паперы. Таксама на адкрыцці прайшла прэзентацыя кніг дагестанскіх выдавецтваў, сярод іх альманах «Каўказскі экспрэс», які ўключае творы прозы і паэзіі, пераклады, лісты, унікальныя фотаздымкі, рэпрадукцыі жывапісу, графікі, афорта.

«Традыцыйная мастацкая культура Беларусі» - мерапрыемства пад такой назвай праходзіць у Гістарычным музеі. Гэта калекцыйная выстава прадметаў побыту, мастацкіх твораў і драўлянай скульптуры.

Летась Нацыянальны гістарычны музей набыў калекцыю прафесара Яўгена Сахуты, якая складаецца прыкладна з 400 экспанатаў. У музейнай выставе палова прадметаў, сярод якіх рэдкі роспіс па шкле на рэлігійную тэматыку, мастацкі метал, кераміка, іканапіс. Выстава «Традыцыйная мастацкая культура Беларусі» будзе працаваць да 25 лютага.

«Уладзімір Співакоў запрашае». У суботу пачынаецца V фестываль. На адкрыцці ў Палацы Рэспублікі лепшыя оперныя арыі ў выкананні Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава ў суправаджэнні Беларускага сімфанічнага аркестра пад кіраваннем маэстра.

Сярод сёлетніх фестывальных мерапрыемстваў, якія пройдуць у Беларусі з 10 па 15 лютага і ператвораць Мінск ў музычна-тэатральную сталіцу, выступленне Нацыянальнага балета Марсэля і Дзяржаўнага камернага аркестра «Віртуозы Масквы». Адкрываюць V фестываль такія зоркі сусветнага маштабу, як маэстра Співакоў, драматычны тэнар Юсіф Эйвазаў і народная артыстка Расіі сапрана Ганна Нятрэбка.

“Пікавую даму” Чайкоўскага дае ў суботу Вялікі тэатр Беларусі.