Рубрыка "Праменад"

11 ноября 2016

Калі зіма пачалася загадзя, то і рыхтавацца да зімовых свят можна пачынаць. Тэкстыльную ляльку ў навагодняй сукенцы прапануе галерэя Пушкінскай бібліятэкі, а ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі - інтэрактыўная экспазіцыя, звязаная з зімовымі абрадамі розных часоў на Беларусі. Гасцёўня Галубка прапануе персанальную выставу беларускага авангардыста Уладзіміра Акулава. Як карысна правесці час на выхадных – наша рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

Хутка навагоднія святы, можна пачынаць да іх рыхтавацца. «Час цудаў. Зімовыя святы і забавы» - такая выстава, прысвечаная цыклу беларускіх зімовых свят, адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Выстава ў інтэрактыўным фармаце знаёміць з беларускімі традыцыямі зімовых свят і абрадаў, асаблівасцямі побыту розных саслоўяў у зімовы перыяд падчас розных гістарычных эпох. Тут і каляды, і Масленіца. Экспазіцыі, якія перадаюць атмасферу ад каралеўскіх часоў да эпохі 50-60 гадоў мінулага стагоддзя.

"Прынцэса на падушачцы" - сапраўдныя творы мастацтва з тэкстылю. Роспіс па шоўку – батык, лялькі. Ёсць і навагоднія цацкі, карціны, аксесуары.

Выстава арт-тэкстылю ў галерэі Пушкінскай бібліятэкі працягнецца да 27 лістапада. Майстры з усёй Беларусі прапануюць унікальныя аўтарскія работы.

Беларускі авангард у жывапісным мастацтве беларускага мастака Уладзіміра Акулава. Выстава адкрылася ў гасцёўні Уладзіслава Галубка, што ў Траецкім прадмесці.

Жывапіс, графіка, скульптура, гэта толькі невялічкая частка творчасці беларускага мастака Уладзіміра Акулава. Партрэты Суціна, Кіслінга, Томаса Мана, Тулуза-Латрэка, Чэхава і Дастаеўскага зроблены ў авангарднай манеры. Мастак Уладзімір Акулаў родам з Баранавіч, прадстаўнік віцебскага мастацка-графічнага факультэта.

Зазірніце ў Палац мастацтваў, там цікавы праект пад назвай "Вулічная мэбля для сядзення". Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.