Роўна 65 гадоў таму Беларусь увайшла ў ЮНЕСКА

2 июня 2019

У імя захавання нацыянальнага набытку. Роўна 65 гадоў таму наша краіна ўвайшла ў ЮНЕСКА. Беларусь як удзельніца ўсіх асноўных канвенцый арганізацыі ў галіне культуры валодае чатырма аб'ектамі сусветнай спадчыны. Нядаўна гэты спіс папоўніў духоўны фестываль у Будславе. Як пасля гэтага змяніўся самабытны куток Беларусі, ведае Наталля Бардзілоўская.

Сто пятнаццаць кіламетраў ад Мінска, Мядзельскі раён. Здавалася б, далёкая глыбінка з насельніцтвам крыху болей за пяцьсот чалавек. Але цяпер Будслаў - адзін з сусветных культурных цэнтраў, маштаб і статус якога падкрэслены афіцыйнай прысутнасцю ў рэпрэзентатыўным спісе ЮНЕСКА. Каб стаць цэнтрам увагі, у мястэчка было некалькі даўніх фактараў: тут стагоддзі таму закладзена высокадухоўная манаская традыцыя, тут узнік грандыёзны касцёл (ён носіць прывілею базілікі, што азначае - адно з нямногіх у свеце месцаў, абраных Папам Рымскім). Зрэшты, Будслаў - уладальнік мастацкага шэдэўра і ўтрымальнік рэдкай духоўнай каштоўнасці.

Адна з важных прычын уключэння Будслаўскага фэсту ў спіс нематэрыяльнай сусветнай спадчыны - тутэйшая жывая духоўная рэліквія, святыня Беларусі ікона Маці Божай Будслаўскай. Традыцыі ісці да яе з маленнямі і просьбамі больш за пяцьсот гадоў, яна не перарывалася ні ў часы атэізму, ні падчас Вялікай Айчыннай вайны. Рукапісныя дакументы прыводзяць сотні прыкладаў Марыінай дапамогі людзям. Першы ж цуд адбыўся тут у 1615 годзе: Святая Марыя дапамагла сляпому хлопчыку.

Ікона з Рыма. Падараваная ў XVI стагоддзі Папам Кліментам VIII Яну Пацу. У Будслаў трапіла пасля смерці мінскага ваяводы. Але… Як пралог гэтай падзеі, шмат раней да фізічнага з'яўлення абраза, святы Марыін лік тут бачылі яшчэ самі заснавальнікі мястэчка, тыя самыя першыя старажытныя манахі!

Слава пра Марыю, якая здзяйсняе неверагоднае, жыве тут праз вякі. Сённяшнія старажылы мястэчка разважаюць: а ці гэта не цуд, што касцёл прастаяў войны, багаборніцкія часы, але не быў ні зруйнаваны, ні разрабаваны.

Падтрыманы і адноўлены ў сучаснай Беларусі, сёння вядомы далёка за межамі, Будслаўскі касцёл прыцягвае не толькі католікаў, але і праваслаўных, паломнікаў розных узростаў і статусаў. На пачатку ліпеня на фестываль тут збіраюцца тысячы людзей, многія пешшу пераадольваюць сотні кіламетраў, каб раздзяліць духоўную ўрачыстасць.

Праз форум вернікаў змяняецца само мястэчка: год ад году аграгарадок становіцца больш утульным. Ікону Марыі і свята ў гонар яе тут даўно назвалі горадаўтваральнымі. Плён ад адзнакі фэсту ЮНЕСКА тут таксама паспелі адчуць: не чакаючы лета, у любую пару года цяпер прыязджаюць турысты.