Раман Заслонаў сёння ў Мінску прэзентуе сваю выставу

3 декабря 2015

Унук легендарнага партызана Канстанціна Заслонава, наш зямляк, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і сусветная знакамітасць - Раман Заслонаў - сёння ў Мінску прэзентуе сваю выставу. Экспазіцыю больш чым з 40-ка прац майстар манціруе асабіста ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яго маштабныя па памерах палатна ўяўляюць як самы ранні перыяд творчасці графіка і жывапісца, так і нованапісанае. Заслонаў працуе ў напрамках сюррэалізму, фантастыкі, неарамантызму і тэатра. Ён вядомы сваёй яркай, жыццярадаснай колеравай гамай. Адной з цэнтральных карцін на выставе ў Мінску стане палатно "У чаканні Музы".

З такой маштабнай персанальнай выставай на Радзіме Раман Заслонаў упершыню, хоць мастака нельга назваць рэдкім госцем Мінска. У беларускай сталіцы ў яго адна з майстэрняў. Галоўным месцам жыцця і творчасці мастака з'яўляецца Францыя, куды ён пераехаў у канцы 90-ых. Аднак заўсёды ён пазіцыянуе сябе менавіта як беларускі мастак.