Рэстаўрацыю паўднёвай сцяны Барыса-Глебскай царквы ў Гродне завершаць да канца года

14 ноября 2017

Будаўнікі рыхтуюцца пачаць самы адказны этап работ - падняцце паўднёва-заходняй часткі храма. Падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Барыса-Глебскую (ці інакш Каложскую) царква на беразе Нёмана ўзвялі ў канцы XII стагоддзя. Храм стаў адной з першых хрысціянскіх святынь на тутэйшых землях, ён лічыцца другім па старажытнасці пасля Полацкай Сафіі. Барыса-Глебская царква вытрымала набегі крыжакоў і міжусобіцы. А перад прыроднай стыхіяй выстаяць не змагла.

Палова цэнтральнага фасада і паўднёвая сцяна храма абрушыліся ў ваду. Каложская царква прастаяла ў руінах да канца Першай сусветнай - дасканалую кансервацыю храма правялі толькі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.

За 100 гадоў гэты паўднёва-заходні вугал Каложскай царквы пайшоў у бок на 24 сантыметры і яшчэ на 30 уніз. Зараз будаўнікам трэба будзе аднавіць сіметрыю старажытнага храма.

Якасць работ будаўнікоў мінулага стагоддзя сучасныя спецыялісты ацэньваюць высока. Драўляную сцяну і каркас, зроблены з сібірскай лістоўніцы, у той час паставілі без адзінага цвіка. Захоўваючы аўтэнтычнасць, яго ўключылі ў праект рэканструкцыі.

На капітальны рамонт паўднёвай сцяны Барыса-Глебскай царквы з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена 200 000 рублёў. Ніводнай пластыкавай дэталі ў рэканструкцыі не выкарыстоўваюць. Толькі дрэва і ўцяпляльнік. У Каложскай царквы сцены 2,5 метра, але праект XII стагоддзя не прадугледжваў ацяплення, таму падчас рэстаўрацыі паміж драўлянай сцяной і каменным бокам храма пракладуць спецыяльныя мінеральныя пліты.

Рамонтныя работы ў Каложскай царкве - адным з самых старажытных храмаў не толькі Беларусі, але і Усходняй Еўропы - будаўнікі плануюць завяршыць ужо ў снежні.